Истоки

Багдана Паўлоўская

Мілінкевіч: «Няма большага ворага ў імперыі, чым яна сама, і дыктатары сваёй палітыкай шкодзяць сабе болей, чым іхнія ворагі»

Ці быў у беларусаў шанец перамагчы ў 2020 годзе, і ці адкаціліся мы назад у выніку рэпрэсій?

У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і што нас чакае наперадзе.

Наш суразмоўца — адзіны кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч.

Чаму беларусам лягчэй затаіцца, чым з’ехаць, і як не спрацаваць на сцэнар Крамля — чытайце ў першай і другой частках нашага інтэрв’ю.

Аляксандр Мілінкевіч

— Вы сапраўды лічыце, што тое, як павялі сябе беларусы падчас пратэстаў у 2020 годзе, было правільна і любы іншы сцэнарый аказаўся б горшым?

— Тое, што здарылася ў 2020 годзе, гэта народны бунт знізу, праява беларускага характару. Такія падзеі загадзя не плануюцца. У большасці нашых людзей проста скончылася цярпенне і яны сказалі «не» ўладзе, якая так і не здолела за трыццаць гадоў вызначыцца, куды мы ідзем і што будуем. Новае пакаленне не прымае палітыку бясконцага пошуку ворагаў і выжывання замест развіцця.

Мы самі не ведалі, што ўжо здольныя на такія магутныя маніфестацыі мірнага пратэсту, праявы волі, салідарнасці і самаарганізаванасці. Большасць беларусаў падтрымала перамены і набыла веру ў сябе як народ.

Сёння ў цывілізаваным свеце не сумняваюцца, што мы еўрапейцы і па свайму менталітэту, і па жаданні жыць годна і ў свабодзе. Гэта быў сапраўды дар Божы, або падарунак лёсу, як хто жадае.

Канешне, сёння ёсць разгубленасць, песімізм, часам зняверанасць, асабліва ў новай генерацыі беларусаў. Бо, здавалася, нас так многа, чаму мы не перамаглі? Мо быў іншы сцэнар, а мы яго прафукалі?

— А быў?

— Сцэнароў з большага два – або мірная рэвалюцыя або крывавае паўстанне. Беларусы ў 2020-м абралі першае, пра што сведчыў і жаночы твар пратэстаў — прыгожыя кабеты ў белым з кветкамі. Гэта адпавядала нашаму нацыянальнаму характару.

Падобныя вулічныя маніфестацыі у Грузіі і Арменіі, майданы ва Украіне прыводзілі да перамогі свабоды і змены ўлады. Але ў той момант ва ўсіх гэтых постсавецкіх краінах не было дыктатур, як у нас, была недасканалая дэмакратыя. У іх пасля распаду СССР дзейнічала ўвесь час незалежнае тэлебачанне і ў парламентах была рэальная апазіцыя.

У выніку непажаданы для Майдану прэзідэнт Віктар Януковіч ціха збег у Расію. «Недэмакрат» прэм’ер Арменіі Серж Саргсян зышоў у адстаўку пасля вулічных пратэстаў, заявіўшы, што краіне «неабходна нацыянальнае адзінства, у адваротным выпадку мы ... апынемся на абочыне гісторыі».

У нас гісторыя пайшла інакш. Пасля атрымання незалежнасці дэмакратыя доўжылася толькі тры гады, затым пачалося фармаванне ўсё больш жорсткага аўтарытарнага рэжыму, які пасля глыбокай траўмы 2020 года ўжо рэалізуе палітыку дзяржаўнага тэрору і дазваляе Крамлю ажыццяўляць паўзучую акупацыю нашай краіны з захаваннем мясцовай адміністрацыі.

Лукашэнку не турбуе «абочына гісторыі», яго цікавіць, усім вядома, выключна ўтрыманне ўлады, да апошняга.

Прыхільнікам радыкальных сцэнароў я раю ўявіць сабе, што было б, калі б неўзброеныя грамадзяне пайшлі захопліваць Адміністрацыю прэзідэнта. Іх бы сустрэў не Лукашэнка з ключамі ад свайго кабінета, а кулі паводле вядомага з савецкіх падручнікаў сцэнара «крывавай нядзелі».

Як бы мінскі рэжым не справіўся, то без сумневаў тут былі расійскія танкі, і як вынік — рэальная акупацыя, прытым фармальна ў адпаведнасці з дамоўленасцямі ОДКБ.

Мы не знаем, які сцэнар змены ўлады ў выніку рэалізуецца ў нас — можа быць, і мірны, можа, і крывавы. Але галоўнае, пра што мы абавязаны думаць — гэта не дапусціць, каб пад абломкамі дыктатуры знікла Беларусь.

І яшчэ пра адзін вельмі важны вынік шырокіх пратэстаў 2020 года – прыход у палітыку Святланы Ціханоўскай. Ведаеце, я лічу, як ні дзіўна, што гэта нават добра, што на чале народных пратэстаў стаў тады чалавек, які мала разумеў у палітыцы — ну проста таму, што такая яе гісторыя.

Памятаеце, як яна звярталася пасля выбараў: «Пуцін, дапамажы!»? Тады ў асяроддзі большасці беларусаў Пуцін сапраўды лічыўся лепшым за Лукашэнку — ну так, дыктатар, але неяк больш годны.

І Ціханоўская шчыра звярталася за дапамогай. І шчыра таксама баялася казаць, чый Крым. Як потым пра тое, што беларусы — еўрапейцы і наш шлях — у Еўропу.

Зараз усё інакш. Святлана Ціханоўская прайшла вялізарны шлях эвалюцыі, свае ўніверсітэты разам з большасцю беларусаў, і яна мянялася разам з імі, заставалася зразумелай для новай хвалі дэмакратаў, што дазваляла ім казаць па-ранейшаму – «Яна такая як мы». Хаця яе і іх погляды фундаментальна змяняліся.

Аляксандр Мілінкевіч і Святлана Ціханоўская. Фота: tsikhanouskaya/Telegram

Зараз, у тым ліку дзякуючы дзікай агрэсіі Пуціна ва Украіне, усё больш беларусаў разумеюць, што жыць з Масквой у адным саюзе – не дай Божа. Што Пуцін не прызнае нават існавання ні беларусаў, ні ўкраінцаў і ўжо наўпрост кажа, што і дзяржаў іхніх не павінна быць. А беларусы ўжо даўно разумеюць – трэба жыць у сваёй дзяржаве.

І калі беларусы сёння кажуць, што Ціханоўская такая, як мы, гэта ўжо ганарова. З ёй сустракаецца паўсвета — і прэзідэнты, і прэм’еры. Скажыце, у нас быў за час незалежнасці хоць раз чалавек, які мог падняць слухаўку і пазваніць практычна любому кіраўніку любой дзяржавы і той адкажа?

І яшчэ, вельмі важна, што ў выніку 2020 года дэмакратычным лідарам Беларусі сёння стала менавіта жанчына. Бо з жанчынай аніяк не вяжацца слова вайна, якую так не любяць беларусы.

Успомнім таксама, адна з важкіх прычын, што калісьці БНР не адбылася, было тое, што мы амаль не мелі за мяжой уплывовых лабістаў, амаль ніхто не ведаў, ці гэта асобная нацыя такая — беларусы, ці проста частка Расіі?

Сёння ў нас ёсць лабіст. Так здарылася, што Ціханоўская мае легітымнасць і можа гаварыць ад імя ўсіх беларусаў да новых свабодных выбараў. Канешне, гэта заслуга не толькі яе, але перш за ўсё беларусаў, што выйшлі адстаяць сваю годнасць, тых, што прагаласавалі за яе на выбарах у 2020 годзе. І сёння ў Ціханоўская мае права казаць ад нашага імя. Вось я не маю, вы не маеце, і ўсе астатнія дэмакраты/недэмакраты не маюць, а яна мае…

— Дык і Лукашэнка сёння не мае.

— Не мае, хаця меў у пэўны час, калі сапраўды выйграў выбары. Я ў 1994 годзе працаваў у Гродзенскім гарвыканкаме, і магу сказаць, што Лукашэнка перамог без махлярства выбарчых камісій, тады сумленна лічылі галасы і Кебіч не гаварыў нам з Мінска, якія лічбы пісаць.

Былі ў выканкаме і тыя, хто за Кебіча, былі, канешне, трохі за Лукашэнку, але значная частка у нас была за Шушкевіча. Ён збіраў поўныя залы, і многія ў нас лічылі, што Шушкевіч — гэта як раз па-беларуску: паціху, патроху робім патрэбныя рэформы, імкнемся да згоды, бо не трэба ўвесь час шукаць ворагаў і пойдзем наперад. Гэта адпавядала беларускаму менталітэту.

читайте также

З 1991 года адрадзілася наша незалежная Беларусь. Людзі тады і зараз — гэта неба і зямля. Народ ужо шмат паездзіў па Еўропе, атрымаў адукацыю і ў Беларусі і за мяжой, новае пакаленне стала сядзіць у інтэрнэце, а не ў тэлевізійнай скрыні.

Лукашэнка да канца не ведаў, што рабіў, калі інвеставаў мільярды долараў у оптавалаконны Інтэрнэт. У нас гэтая інвестыцыя спрацавала: паўсюдны хуткі, танны інтэрнэт паспрыяў развіццю ІТ-сектару ў эканоміцы, дазволіў уладам зарабляць вялікія дадатковыя грошы ў бюджэт.

Лукашэнка гэтага і хацеў. І гэта яго і падвяло. Сучасная інфраструктура інтэрнэту разам з тым адкрыла беларусам свет і да сённяшняга дня адкрывае, нягледзячы на рэпрэсіі і абмежаванні. Прагрэс не стрымаць.

Таму я і кажу, што гістарычны працэс павольны, часта праз пакуты, але мы зараз робім такія вялікія крокі наперад, проста неверагодныя.

— Але ж, улічваючы градус сённяшніх рэпрэсій, у тым ліку ў дачыненні да літаратуры, культуры, падаецца, што мы, наадварот, моцна адкаціліся назад.

— Адкацілся на экранах тэлевізара. Але свядомасць і ідэнтычнасць вельмі кансерватыўныя рэчы.

Паўзучая крамлёўская акупацыя спрабуе калёным жалезам вынішчаць нашу гістарычную памяць, вядзе татальную русіфікацыю і не мала манкуртаў ад ўлады дапамагаюць ім. Але я знаю, што беларусы ўсё менш хочуць у такі, як сёння, «русскій мір», працуе эфект бумеранга.

Няма большага ворага ў імперыі, чым яна сама, і дыктатары сваёй палітыкай шкодзяць сабе болей, чым іхнія ворагі.

Адчуваецца, што ў атачэнні Лукашэнкі ёсць людзі, якія пераконваюць яго, што нельга аддаваць цалкам беларускасць на знішчэнне «старэйшаму брату», інакш станем зусім губерніяй. Ён, пэўна, інтуітыўна гэта разумее, але савецкі чалавек, бясспрэчны сталініст у ім перамагае і на яго эвалюцыю ў бок нацыянальнага цяжка разлічваць.

Народ жа усё роўна эвалюцыянуе, нават без 2020 года. Так, пратэсты справакавалі вяртанне таталітарызму. Праўда, у адрозненні ад Расіі, дзе на сто працэнтаў таталітарызм, таталітарызму Лукашэнкі па-ранейшаму не хапае ідэалогіі. Ён жа нездарма ўвесь час кажа: дайце мне ідэалогію! Але ідэалогія дубінкі і страху народ ніколі не аб’яднае.

У Расіі, дзякуючы абранай ідэалогіі нацызму, фактычна адбылася фашынізацыя народа. У нас гэтага не здарылася, беларусы не глытнулі імперскасці праз іхні тэлевізар, яны не падтрымліваюць вайну, у іх не фармуецца нянавісць да ўкраінцаў і палякаў.

Я думаю, што ўсё робіцца так, як робіцца. Зараз гісторыю не павернеш назад. І я не думаю, што эвалюцыйны шлях быў бы лепшым, бо інакш мы б доўга не выціснулі б у сабе савецкасць.  

І можна многа казаць пра лідараў, пра тое што іх не хапіла ў пэўны момант. А я лічу, што лідары не нараджаюцца, патрэбныя лідары прыходзяць у патрэбны час і ў патрэбнае месца, як было з Ціханоўскай.

І як спатрэбяцца лідары ў новай Беларусі — яны з’явяцца ў нас. Бо самае галоўнае — тое, што творыцца ў галовах людзей. У беларусаў у 1991 годзе не было разумення дэмакратыі, самасвядомасці — і таму мы прайгралі вось гэтую барацьбу папулізму. А зараз ужо гэтым беларусаў не возьмеш, гэта іншыя беларусы.

І тое, што яны зараз нібыта маўчаць і церпяць — дык правільна робяць, нельга падстаўляцца, трэба захаваць сябе. А тое, што неабходна цяпер рабіць — гэта асвета і адукацыя, адукацыя і асвета.

Вось вяртаючыся да гісторыі палякаў. Усё ХІХ стагоддзе, пасля падзелу Рэчы Паспалітай, уся нацыянальная эліта займалася асветніцтвам, і касцёл тут адыграў велізарную ролю, і польскія інтэлектуалы, пісьменнікі, мастакі. І яны захавалі народ і развілі яго. Таму палякі так хутка рванулі. У нас трохі іншая гісторыя, савецкая, акупацыйная.

Але, упэўнены, што і ў нас усё будзе. Трэба мацаваць у сабе гістарычны аптымізм і верыць у тое, што нам пашчасціць, бо мы заслужылі.

Як захаваць дзяржаву, калі побач неадэкватны сусед, чытайце ў наступнай частцы інтэрв’ю, якая з’явіцца неўзабаве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(29)