Нарэшце здарыцца калядны Цуд! І годныя людзі выйдуць са шматгадовага падпольля, а нічога ня вартыя падбрэхічы й прыстасаванцы назаўсёды сыдуць з арэны за кулісы. І героі будуць уганараваныя, а каты й карнікі — пакараныя. І краіна зажыве паўнавартасным жыцьцём і задыхае на поўныя грудзі…
«Нарэшце здарыцца калядны Цуд!» Лявон Вольскі — пра чаканьне Калядаў
Музыка на budzma.org піша пра чаканьне Калядаў як жыццёвае крэда цэлага пакаленьня ды пра тое, што хаваецца за гэтым чаканьнем.
Напачатку ў нас не было Калядаў
Мы чакалі Калядаў з маленства
І ніяк не маглі дачакацца.
Такімі трапнымі словамі ў далёкіх 1990-х Міхал Анемпадыстаў абмаляваў жыцьцёвае крэда нашага пакаленьня. Так, мы чакалі. Напачатку ў нас не было Калядаў.
Гэта, можа быць, цяпер гучыць сьмешна, але за савецкім часам Каляды, як у галівудзкім сьвяточным фільме, былі пад забаронаю. Якія вам Каляды, калі ў Менску не было ніводнага дзейнага касьцёлу!
У Катэдры практыкаваліся фізкультурнікі, у Касьцёле Сымона і Алены быў Дом кіно, у Сьвятога Роха — заля арганнае музыкі. Таму мы, гарадзкія дзеці, чакалі тады Новага году — вось надыдзе сьвята, і Дзед Мароз прынясе падарункі! Гэтым «новым годам» савецкая ўлада імкнулася замяніць Каляды.
Ва ўсім сьвеце Каляды сьвяткуюцца камэрна, інтымна, сярод родных ды сваякоў, у сям’і. А Новы год — шумна, з шампанскім, у рэстарацыі ці то на карпаратыве.
Раней савецкія людзі таксама сьвяткавалі Навагоддзе шумна і, наколькі мажліва, весела — паглядзіце якую «Карнавальную ноч»! Але пазьней ідэолягі вырашылі, што ўсё трэба перафарматаваць — ніякіх Калядаў няма наогул, а Новы год — сямейнае сьвята.
Лясная прыгажуня і ГДРаўскія цацкі
Нам даводзілі, хто мы і што мы,
Нас вучылі выконваць загады.
Нам казалі, ды мы ня чулі,
Мы ўпотай чакалі Калядаў.
Чакалі. Чакалі гэтае чароўнае пары — калі сьнег рыпіць ад марозу, у промні вулічнага ліхтара віхурацца сьняжынкі, халодна бліскаюць зоркі ў зімовым небе, ты прыйдзеш дахаты з аблепленымі сьнегам санкамі, а па тэлевізары паказваюць звыклыя навагоднія фільмы ды мульцікі. І пасярод пакою стаіць лясная прыгажуня, убраная дэфіцытнымі ГДРаўскімі цацкамі.
Гэтыя нямецкія цацкі вельмі прыгожыя — вытанчаныя, дыхтоўна зробленыя, ня тое, што савецкія — цяжкія, з тоўстага шкла, нягеглыя… Так табе казала мама, і сапраўды, савецкія прайгравалі нямецкім па ўсіх парамэтрах.
Шкада, што ГДРаўскія былі надта крохкія і маглі раскрышыцца проста ў руцэ, калі неасьцярожна іх сьцісьнеш. Таму з кожным годам нямецкіх рабілася ўсё меней, яны няўхільна здавалі пазыцыі пад націскам савецкіх упрыгожаньняў.
Новы год і Каляды
Мы рабілі высновы хутка,
Мы павольна сьпявалі баляды,
Мы назлосьць валасы расьцілі
І ўпарта чакалі Калядаў.
Урэшце прыйшло разуменьне, што ёсьць Новы год і ёсьць Каляды. Што ёсьць савецка-расейскі Дзед Мароз (гэта той, хто замарожвае ў лесе неабачлівых вандроўнікаў), а ёсьць Сьвяты Мікалай, ён жа Мікулаш, ён жа Санта Клаўс, які да ўсіх сваіх чароўных якасьцяў яшчэ й зьяўляецца абаронцам гэтых самых вандроўнікаў.
І калі ты насамрэч чагосьці вельмі-вельмі хочаш, дык лепей зьвяртацца да Сьвятога Мікалая, так болей шанцаў атрымаць каштоўны падарунак, што б гэта ні было — вялікі набор LEGO, электрасамакат, новая машына, прасоўваньне па працы, свабода, перамога сілаў дабра, вяртаньне на радзіму, якая, нарэшце, вызвалілася ад шматгадовага прыгнёту…
І мы ўсё чакаем. Чакаем Калядаў, сьпяваем калядныя песьні, запальваем гірлянды, упрыгожваем ялінку і пішам лісты Сьвятому Міколу.
Калядны Цуд
Позна ўвечары посуд памыем
І пакінем, каб сохнуў на тацы.
Мы чакалі Калядаў з маленства
І ня можам ніяк дачакацца.
Так, гэтымі трапнымі словамі калісьці Міхал апісаў жыцьцёвае крэда нашага пакаленьня. Мы чакаем. Чакаем гэтых магічных цудоўных Калядаў, якія ўсё зьменяць, а, дакладней, паставяць усё на свае мейсцы.
І мы зноўку будзем прасіць пра гэта Сьвятога Мікалая і, я ўпэўнены, ён урэшце нас пачуе. Бо мы ня толькі сядзім, склаўшы рукі, і чакаем. Мы яшчэ, як можам, набліжаем гэтыя зіхоткія лёсавызначальныя Каляды, якія нам так патрэбныя. Неабходныя як ніколі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное