Женщины

Ірына Дрозд

Наста Базар: «Дзіцёнак стаў нараджацца, я зразумела, што самой нязручна ўзяць яго на рукі, паклікала мужа»

Жанчына, якая ламае стэрэатыпы. Феміністка, стваральніца і піяр-менеджэрка сацыяльных праектаў у інтэрв'ю «Салідарнасці» — пра шлюбы, хатнія роды, гамафобію і каханне.

Наста Базар, фота з архіва гераіні

— Я гатавала салату і пачаліся роды. Пайшла ў суседні пакой нараджаць, а муж прыехаў і працягнуў гатаваць салату. Нарадзілася дзіця, мы паабдымаліся, памыліся, запеленалі дачку і пайшлі есці салату, — з іроніяй успамінае Наста Базар адну з самых важных падзей у сваім жыцці.

Шмат чаго з гэтага інтэрв’ю камусьці можа здацца незразумелым і нават дзівосным. Але Наста тлумачыць гэта тым, што ўсе мы ў нейкай ступені ахвяры стэрэатыпаў.

У адкрытай размове аб сваім жыцці феміністка і квір-нізавая актывістка расказала «Салідарнасці» пра два шлюбы, хатнія роды, непапулярнае выхаванне дзяцей, а таксама пра расчараванне, гамафобію і, канешне, каханне.

«Мяне вельмі матывавала думка, што я моцна не хачу ў радзільню, я хачу іначай»

— Па адукацыі вы музыка, ці былі калісьці звязаны з музыкай?

— У 2008 годзе я скончыла Акадэмію музыкі па класу цымбал. З таго моманту не грала, але мару вярнуцца да музыкі, не да цымбал, а да ўдарных і вакалу.

Атрымалася так, што да нараджэння дзяцей я вучылася, а потым займалася тым, што балела мне самой, то-бок рознымі праектамі для дзяцей і іх бацькоў, якіх мне не хапала, у тым ліку на беларускай мове, бо з дзецьмі я з нараджэння размаўляю па-беларуску, як і са мной мой тата. Для мяне гэта такая традыцыя.

Спачатку былі імпрэзы для дзяцей з мамамі і татамі, майстар-класы, музычныя канцэрты, спектаклі, потым — сямейны каворкінг, а пазней, калі мае дзеці дараслі да ўзросту школы, я пачала рабіць адукацыйныя праекты пра нефармальнае развіццё, нават рэспубліканскія канферэнцыі.

Каворкінг у той час быў вельмі мала пратоптанай сцежкай ў нашым грамадстве, жанчыны не разумелі, навошта ім некуды ісці і плаціць грошы, каб усё роўна сядзець у адной прасторы з дзіцём.

Але ж дзецьмі там займаліся няні, дарэчы ў нас нават быў адзін нянь, якому перад тым, як я яго ўзяла на працу, у трох месцах адмовілі працаваць з дзецьмі толькі таму, што ён мужчына.

Між іншым больш за дзесяць гадоў таму ў Беларусі толькі ў падобных суполках можна было даведацца больш пра нейкі цікавы вопыт.

Дарэчы, вы сама абодвух дзяцей нараджалі дома. Чаму вы так вырашылі?

— Ёсць матывацыя да чагосьці, а ёсць ад чагосьці. Вось мяне вельмі матывавала думка, што я моцна не хачу ў радзільню, я хачу іначай.

Напрыклад, я лічыла ненармальным, калі адразу пасля родаў немаўля забіраюць у іншы пакой. Пасля дзевяці месяцаў, калі дзеці ведаюць толькі пах мамы і стук мамінага сэрца, адарваць іх — шок і стрэс, гэта суперстрашна.

Тата маіх дзяцей мяне падтрымаў. Ён таксама, як і я, вывучыў пытанне і знайшоў больш плюсаў.

Галоўныя моманты, якіх баяцца, тычацца медычнай дапамогі. І, шчыра кажучы, было б ідэальна, каб падчас хатніх родаў пад вакном стаяў рэанімабіль, аднак у Беларусі такой магчымасці няма. Але як мінімум павінна быць машына, запраўленая і на хаду.

Зразумела, калі ёсць нейкія складанасці пры цяжарнасці, то патрабуецца прафесійны нагляд. Калі казаць пра атыповы маткавы крывацёк, які здараецца ў нейкага вельмі маленькага адсотку жанчын, то ад яго могуць не выратаваць і ў бальніцы.

У астатнім пасля кансультацый з доктаркай, я разумела, што спраўлюся. У Менску ў 2009 годзе была амаль што адна доўла, і я яе знайшла.

Другі раз я не запрашала доўлу, нават не станавілася на ўлік у дзяржаўнай паліклініцы, рабіла аналізы ў платным цэнтры і кансультавалася з доктаркай прыватна.

Пра аналізы — не капрыз, проста я не разумела, чаму павінна сядзець у адной чарзе з хворымі людзьмі. Зараз мажліва нешта змянілася, але ў 2008-2009 годзе ў нашай паліклініцы дакладна было так. Памятаю, што нават хадзіла да загадчыцы аддзялення і прасіла вылучыць нейкі час для цяжарных.

— Вось у вас пачынаюцца роды, хто ў гэты час у хаце разам з вамі?

— Першы раз я была з былым мужам і мы адразу патэлефанавалі доўле.

— А муж не баяўся назіраць за родамі?

— Так, ёсць меркаванне, што мужчын гэта можа напалохаць. Але тата маіх дзяцей абодва разы быў побач і дапамагаў. Першыя роды цягнуліся вельмі доўга — 22 гадзіны, у радзільні, напэўна, працэс бы паскорылі.

Калі схопкі былі яшчэ нячастымі, я ўсіх паклала спаць, каб яны былі з сіламі. Сама выбірала позу, у якой мне было б сапраўды камфортна, бо лежачы на спіне — гэта самая недарэчная поза.

Нараджаць зручна, напрыклад, на кукішках. Таксама я думала нараджаць у вадзе, але мне там было не ўтульна. У ванну ўсё ж залазіла, каб крыху адпачыць.

Памятаю, то залезу, то вылезу, а пад канец у мяне ўжо скончыліся сілы, і былы муж мяне падымаў і цягнуў, куды папрашу.

— За гэтыя суткі не было моманту, калі хтосьці з вас не вытрымаў і сказаў: даволі, вызавем хуткую дапамогу?

— А навошта? Мы ўсе разумелі, што гэта натуральны працэс. Для мяне было важна, каб у парадку было ўсё фізіялагічна. А тое, што я стамілася, цалкам нармальна, бо як жа ты хочаш, калі спачатку дзевяць месяцаў цяжарнасці, а потым роды.

Усё прайшло добра, першыя роды прымала доўла, нарадзілася дачка, я ўзяла яе на ручкі, потым тата.

— А пупавіну хто пераразаў?

— У першага дзіцёнка тата, а ў другога мы яе не пераразалі, яна адвальваецца сама праз некаторы час, і гэта супер натуральна. Бо пупавіна — жывая тканіна, злучаныя з крывацёкам немаўля. А яе пераразаюць, ды яшчэ часам цягнуць за плацэнту.

А натуральна — гэта калі нараджаецца дзіцёнак, пасля нараджаецца плацэнта, яны ўсё яшчэ звязаныя пупавіннем.

Спакойна спавіваеш дзіця і кладзеш побач у місачцы плацэнту, пакуль яна сама не адсохне. Для некага можа гэта і дзікунства, а для мяне абсалютна натуральны працэс.

— Ці трэба неяк спецыяльна рыхтаваць кватэру да хатніх родаў і ці шмат прыбіраць пасля?

— Гэта ўсё стэрэатыпы аб тым, што трэба рыхтаваць нейкае стэрыльнае памяшканне. Зразумела, павінна быць чыста. Наогул трэба разумець, якія адбываюцца працэсы і мы гэта вывучалі.

Напярэдадні я нават вырашыла візуальна ўявіць, колькі гэта — умоўна нармальная страта крыві, выліла на пялюшку азначаную колькасць фарбаванай вады, каб проста пабачыць гэтую пляму на вочы і ведаць, калі яна нашмат большая, трэба тэрмінова ў бальніцу.

Пры нармальных родах страты крыві даволі невялікія, таму пасля мы проста сабралі ўсе пялюшкі і ўкінулі ў пральную машыну.

— Нарадзілі і заснулі, ці што першае зрабілі пасля родаў?

— Так, пасля першых заснула, бо сіл не было. Прачнуліся, прыехалі бацькі былога мужа, і гэта было класна.

Другія роды былі хуткімі — усяго 5 гадзін. Мы нават не паспелі адвезці старэйшую дачку, ёй было амаль два гады, да свякроўкі, і яна гладзіла мяне па жываце і казала: «Мама нараджае дзетку».

Адзінае, гэта было ў дзень тэракту 11 красавіка 2011 году, таму ўвесь час усе тэлефанавалі і пыталі, ці мы дома, ці ўсё добра. На шчасце, ўсе былі дома.

Схопкі пачаліся, калі я гатавала салату, пазваніла тату дзяцей, ён прыехаў дадому, працягнуў гатаваць, мне сказаў, кліч, калі трэба. Дзіцёнак стаў нараджацца, я зразумела, што самой нязручна ўзяць яго на рукі, паклікала мужа.

Пасля нараджэння дачкі мы паплакалі, паабдымаліся, памыліся, запеленалі яе і пайшлі есці салату.

На наступны дзень выклікалі доктарку-неанатолага. Яна паглядзела на дачку, бо па класічных паказніках я вельмі пераходжвала цяжарнай, і пацвердзіла, што ўсё ў парадку.

— Вы адмовіліся загадзя даведацца пра пол дзіцяці.

— Ні першы, ні другі раз мы не ведалі гендар дзіцёнка. Нашы родныя вельмі хацелі, каб другім нарадзіўся хлопчык, так і пыталі: «Каго нарадзіла — хлопчыка? Не — а каго?».

Прабачце, але гэта асобны чалавек, а я проста фізіялагічна тая, праз каго ён нарадзіўся. Якое я маю права нечага ад яго хацець — гэта што мая маёмасць ці цацка?

— Чула, што ёсць праблемы з рэгістрацыяй такіх дзяцей.

— Рэгістрацыя адбываецца праз суд і патрэбны мінімум два сведкі, добра, калі ёсць нейкая паперка з паліклінікі. Першы раз мы памыліліся і звярнуліся ў суд разам з мужам, хаця ён мог быць сведкам, якога давялося шукаць.  

Дарэчы сам суд цягнецца больш за месяц, цябе шмат разоў задаюць непрыемныя пытанні тыпа «а навошта вы, а дзеля чаго гэта ўсё прыдумалі», кажуць, мала доказаў пра цяжарнасць.

Другі раз мы ўжо падрыхтаваліся. Я падавала заяву адна, муж быў сведкам. А пасля ўсе мае сяброўкі, чалавек восем, паехалі і пацвердзілі па патрабаванні суда, што бачылі мяне цяжарнай.

«Аднойчы мы з мужам умоўна памяняліся на месяц, я ездзіла на яго працу, а ён увесь гэты час выконваў хатнія абавязкі»

Фота @klacayu_po_fotiku

— З таго, што вы расказваеце пра свайго мужа, вынікае, што гэты чалавек вас добра разумеў, зарабляў грошы. Але вы разышліся і кажаце, што развод быў даволі цяжкім.

— Усё так. Пасля вучобы ў мяне адразу пайшлі дзеці, і я акунулася ў мацярынства. Я вельмі намагалася быць добрай жонкай, добрай маці, добрай жанчынай — па ўсіх сацыяльных нормах. Але нешта не працавала, не атрымлівалася.

У нас была абсалютна класічная сям’я, калі маці глядзіць за дзецьмі і цалкам забяспечвае быт, а тата «ловіць мамантаў». І вось я разумела, што гэта няправільна. І чым далей, тым болей.

Мне здавалася, што гэта ненармальна, калі адна функцыя сто адсоткаў на адным, а другая на другім. Так, шмат каго гэта задавальняе. Ёсць шчаслівыя сем’і і гэта класна. Але тое, што колькасць разводаў у нас перавышае колькасць шлюбаў, аб нечым гаворыць.

Відаць, не заўсёды і не для ўсіх правільна так, як нам кажуць, як заведзена. Ведаю шмат жанчын, якія б хацелі больш развівацца, нават калі ў іх нараджаюцца дзеці, але яны не маюць магчымасці.

Аднойчы мы з мужам умоўна памяняліся на месяц, я ездзіла на яго працу і спрабавала там нешта рабіць, а ён увесь гэты час быў дома і выконваў хатнія абавязкі.

І вось я вяртаюся стомленая з працы і першае, што мне хочацца сказаць: «Ты што, не мог прыбрацца?». Хутка забыўся нават свой асабісты вопыт быць з дзецьмі сам-насам.

З іншага боку, я адчула, як гэта, калі ты зачыняеш дзверы і разумееш, што ад цябе цалкам залежыць, што будуць есці яшчэ тры чалавекі акрамя цябе. Гэта капец якая адказнасць.

Але ў нас людзі жывуць менавіта так: жанчыны задыхаюцца ад адказнасці за дзяцей, мужчыны — ад адказнасці за сям’ю, і нікому не кайфова.

— Але ж здаецца, што вы самі абралі для сябе гэты шлях.

— Гэта гучыць як віктымблеймінг. Безумоўна, сама, але гэта не значыць, што павінна быць суперцяжка. Я ўвесь час была з дзецьмі, дзевяць гадоў — Дзень сурка, бо яны не хадзілі ні ў дзіцячы садок, ні ў школу.

Я не хацела аддаваць іх у тую школу, якая была і ёсць зараз у Беларусі. Для мяне было важна, каб мае дзеці развіваліся ў прасторы, дзе няма стэрэатыпаў, ганьбы, булінгу і г.д.

У другой палове дзясятых гадоў у Беларусі з’явіліся добрыя альтэрнатывы прыватных школ, але ў нас не ставала грошай на іх.

Дзеці навучаліся дома, а я таксама, як і муж, хацела рэалізоўвацца і зарабляць. Я хацела, каб і муж займаўся дзецьмі. І калі мяне пыталі, а як жа яму працаваць, я адказвала такім жа пытаннем: а як мне працаваць?

Зараз разумею, што магчыма дамаўляцца да нараджэння дзіця, як будзе пасля — адкладваць грошы на тое, каб потым абодва маглі нейкі час не працаваць, альбо неяк разам працаваць і наймаць няню, карацей, можна прадумаць розныя варыянты. Але ў нашым грамадстве чамусьці ёсць толькі адна схема, і я гэтага не разумела.

Да таго ж бывае, што проста праходзіць каханне. Я ўсё больш адчувала, што нам не тое, каб вельмі цікава разам, што я хачу аднаго, а ён іншага, што няма цяпла, няма жадання быць разам. Мы проста жылі, таму што трэба.

Ініцыятаркай разводу была я, тата дзяцей мяне не разумеў. Я адчувала віну за тое, што нешта парушаю.

Але калі жанчына, нягледзячы на тое, што застаецца адна з двума дзецьмі, на вёсцы і без машыны, кажа, што ёй стала лягчэй пасля разводу, гэта аб нечым кажа.

Для мяне ідэальны варыянт, калі людзі разыходзяцца, але застаюцца бацькамі. І калі я разводзілася, то бачыла гэтую карцінку, як мы збіраемся на дні нараджэння дзяцей — я з кімсьці, ён з кімсьці.

Першапачаткова мы планавалі, што ў нас будзе сумесная апека, і месяцаў сем дзеці жылі тыдзень з ім, тыдзень са мной. Паступова былы муж стаў проста татам выходнага дня. А з 2020 года ён нават грашыма перастаў нас падтрымліваць.

Гэта быў вельмі цяжкі перыяд. Я надта на яго злавалася, нічога, акрамя нянавісці, у мяне не было. Разумею жанчын, якія проста люта ненавідзяць сваіх былых мужоў, таму што самі вымушаны грабці на трох працах, каб выхоўваць дзяцей.

З другога боку, я разумею, што калі ад чалавека нічога не чакаць, не ўлічваць яго меркаванне і не дапускаць да дзяцей, то жаданне не ўключацца ў іх выхаванне будзе толькі павялічвацца.

З-за свайго болю і крыўды я паставіла гэтага чалавека дакладна ніжэй, чым сама, чым мае дзеці. А ён іх тата. І гэтай восенню я ўсвядоміла, што гэта не тое, чаго я хацела. І мы пачалі камунікаваць, і для мяне гэта вельмі цёпла і прыемна.

Нягледзячы на тое, што мы ў розных краінах, сувязь у дзяцей з татам працягваецца, але цяпер яна больш шчырая і з меншай крыўдай. Дзеці гэта ацанілі, на іх гэта добра адбылося. Яны любяць тату, а я ніколі не казала пра яго нічога дрэннага.

«Хочам зладзіць першае аднаполае вяселле пад БЧБ-сцягам»

Наста і Даша, фота Паўла Крытчко

— Зараз у вас другая партнёрка, як вы размяркоўваеце абавязкі цяпер?

— Зараз у мяне аднаполы шлюб і атрымліваецца, што ўжо ролі па стандартным стэрэатыпу не размяркуеш, бо мы абедзве жанчыны. Шукаем баланс з улікам майго мінулага вопыту.

Прыбраць ці памыць бялізну можа тая, хто менш занятая, астатняе па магчымасцях. Я таксама магу прасвідраваць дзірку, магу пафарбаваць сцены, магу нават мэблю нейкую перанесці, а магу і пачытаць казку дзецям на ноч.

Мне, шчыра, цяжка з большасцю дакументаў, таму калі справа тычыцца папер, я звяртаюся да Дашы. У яе аналітычны склад розуму і ёй падабаецца працаваць з паперамі.

Дзеці мае, як бы яна іх не любіла, гэта ўсё роўна мая адказнасць. Калі казаць пра кухню, то мяса дзецям гатую я. Даша веганіць, я пакуль што вегетарыянка.

Але з маральнага пункту гледжання, я таксама дакладна за веганства. І ўсё ж мне гэта яшчэ даецца цяжка. Пакуль што мы перавялі на веганскую ўсю асабістую касметыку і хатнюю хімію. Тут у Польшчы гэта рэальна.

Ёсць нават звычайны лак для пазногцяў ды асвятляльнік для валасоў, пры вытворчасці якіх не выкарыстоўваецца нічога жывёльнага паходжання і якія не тэстуюцца на жывёлах.

Калі разважаем пра тое, што хацелі б мець яшчэ дзіця, варыянт, калі працуе толькі адна, не разглядаем. Нам трэба працаваць абодвум, таму трэба прыдумаць, як гэта будзе адбывацца. І прадумаць загадзя.

— Як вы пазнаёміліся з Дашай?

— Яна з НДА-сектару, а я ніколі не была ні ў воднай арганізацыі, але заўсёды рабіла нешта побач, заўсёды некаму дапамагала. Мы пазнаёміліся ў Мінску на нейкай імпрэзе.

Да Дашы ў мяне былі стасункі і мы нават жылі разам з адной жанчынай. Потым абставіны 2020 года прымусілі нас пераехаць у Кіеў.

Па-добраму, ні адна з нас не змагла прызнацца, што стасункі заканчваюцца, таму расставаліся мы складана. Тут і з’явілася сімпатыя да Дашы. Для сябе я зрабіла вынік — важна давяраць сваім пачуццям і, як бы ні было страшна, заканчваць тое, што аджыло, своечасова.

Эміграцыя надала нашым з Дашай стасункам больш вастрыні, бо ў такіх абставінах чапляешся за чалавека больш моцна.

Фота Паўла Крытчко

— Хто першы прызнаўся ў сваіх пачуццях?

— Я, бо я не ўмею фліртаваць. Аднойчы так і сказала: «Даша, я падумала пра нас ужо тры разы за дзень, значыць, гэта праўда, і я больш не хачу трымаць усё пры сябе, ты мне падабаешся». Гэта адбылося яшчэ ў Беларусі.

Спачатку Даша не зразумела, што гэта пра сімпатыю. Падзеі 2020 года, вымушаная эміграцыя не былі лепшымі ўмовамі для пачатку рамантычных стасункаў. Але потым атрымалася так, што мы ажаніліся.

І ўсё ж афіцыйна вы не распісаліся, хоць планы і былі.

— У Кіеве мы пераязджалі на другую кватэру, і Даша, паколькі яна ў Беларусі працавала з тэмай аліментаў і раздзелу маёмасці для жанчын, прапанавала падпісаць дамову аб сумесным пражыванні.

Я спытала, чым такая дамова адрозніваецца ад шлюбнай. Аказалася, амаль нічым. Кажу, тады давай пажэнімся, і яна пагадзілася.

— Хто купляў пярсцёнкі?

— Усё рабілі разам: шукалі святочныя сукенкі, пярсцёнкі, выбіралі месца. Так знайшлі адзін цудоўны бар і папрасілі бармэнку аб’явіць нас сям’ёй. Яна гэта зрабіла з задавальненнем.

Юрыдычна заключыць шлюб мы хацелі онлайн, гэта магчыма ў штаце Юта (ЗША). Пасля ў народнай амбасадзе Беларусі ў Швецыі адбылося першае вяселле пад БЧБ-сцягам, і мы захацелі зладзіць там першае аднаполае вяселле.

І там усё яшчэ чакаюць, пакуль мы збяром дакументы. Але гэта ўсё паперкі, галоўнае — нашы пачуцці.

— Не магу не задаць традыцыйнае пытанне пра розніцу ва ўзросце: ці адчуваеце вы яе, бо ваша партнёрка маладзей за вас на 16 гадоў?

— Быў час, калі розніца ва ўзросце мяне вельмі хвалявала, я баялася свайго ўзросту, лічыла сябе «старой». Але і Даша, і ўсе астатнія моцна мяне падтрымалі.

Як казала мая тэрапеўтка, гэта абсалютна нармальны баланс: у мяне ёсць жыццёвы вопыт, якім я магу дзяліцца, а ў яе — тая энергія маладосці, якой у мяне, у 40 гадоў ужо можа і няма.

Так, мы розныя, яна мяне сцябе за нейкія словы, напрыклад, «дыскатэка» ці «будзь спок». Смяецца, што яны з 80-х. Ёсць моманты, якія цікава асэнсоўваць з пункту гледжання часу, напрыклад тое, што ў мяне сотавы тэлефон з’явіўся толькі ў дваццаць з нечым гадоў, а ў яе ў дзяцінстве. Але нас гэта забаўляе.

— Вы сказалі, што думаеце наконт дзіця.

— Канешне, Даша таксама хоча дзіцёнка. Мне спачатку маральна цяжка было прыняць гэту думку, а цяпер для мяне гэта цалкам магчыма. Чаму б не, мець дзіця — нармальнае жаданне.

Мае дзеці падрастаюць, усё больш становяцца самастойнымі. Пакуль мы вырашылі, што, калі гэта і адбудзецца, то гэта будзе наша дзіця. Варыянт, што гэта будзе дзіця Дашы, а я побач, мне менш да спадобы.

«Зараз я не хачу заганяць сябе ў нейкія межы»

— Як і калі вы расказалі ўсім пра сваю сексуальную арыентацыю, асабліва дзецям як тлумачылі тое, што з вамі жыве жанчына?

— Пра сваю сексуальную арыентацыю я ведала яшчэ з дзяцінства, і былы муж ведаў, што да яго ў мяне былі жанчыны.

Я даўно разумела, што, па-першае, мне падабаецца чалавек і толькі потым я гляджу на яго гендар.

Да стасункаў з жанчынамі я лічыла сябе бісексуальнай. Але зараз не ўяўляю стасункаў з мужчынамі, таму ідэнтыфікую сябе, як лесбійка.

Аднак галоўнае не знайсці цэтлік, каб пазначыць сябе, а адчуваць сябе шчыра. Хоць і вядома, што гамафобія шмат зрабіла для таго, каб гэта было няпроста.

Калі ў мяне пытаюць, як мае дзеці адносяцца да таго, што я жыву з Дашай, заўсёды пытаю ў адказ, а як вашы дзеці адносяцца да таго, што вы жывяце з чалавекам. Калі пераводзіць у такі фармат, пытанне адпадае.

Безумоўна, калі б я, напрыклад, кожныя паўмесяцы мяняла партнёраў, гэта не было б акей. Я нават лічу, што не з усімі, з кім у цябе стасункі, трэба знаёміць сваіх дзяцей. І тут пытанне не ў фізіялогіі ці гендары.

— Вы пераехалі з Украіны ў тым ліку з-за гамафобіі?

— Мы пераехалі за некалькі месяцаў да поўнамаштабнага ўварвання, у тым ліку таму, што нам было небяспечна, менавіта з-за гамафобіі.

Прычым цярпелі мы часцей ад беларусаў. Вось, да прыкладу, сітуацыя, калі для ВНЖ нам была патрэбна прапіска, і мне далі кантакт беларуса, які дапамагаў у гэтым пытанні. Тэлефаную, ён кажа, канешне, дапаможа, і пытае, колькі нас чалавек.

Адказваю, што я і жонка, і ён адразу перамяніўся: «Нічым вам не магу дапамагчы». Таксама хтосьці прасіў нас не браць БЧБ-сцяг на прайд у Кіеве, каб «не апаганіць святыню». Як гэта зразумець?

— Ці верыце вы, што калісьці беларускае грамадства пасталее да такога ўзроўню, каб аднолькава прымаць усіх людзей?

— Я буду рабіць для гэтага ўсе магчымае, але, шчыра, не ўпэўнена, што гэта адбудзецца нават у новай Беларусі, пра якую мы ўсе марым. Бо на такія змены трэба вельмі шмат часу.

 — Як вы ўладкаваліся ў Польшчы, як перажываеце традыцыйныя цяжкасці эмігрантаў?

— Мы амаль усе ехалі ў эміграцыю па адной схеме: месяц перачакаем і вернемся дадому. Прыкладна паўгода і ў мяне сышло проста на тое, каб прыняць, што гэта надоўга, і мы нават не ведаем, наколькі.

Дзеці хоумскуляць і ў Польшчы. Тут гэта афіцыйна, проста трэба здаваць экзамен па кожнаму прадмету. Яны паспрабавалі хадзіць у інтэграцыйныя класы, якія тут зрабілі яшчэ да вайны з-за вялікай колькасці беларусаў, але вярнуліся да хатняга навучання.

Прабел у зносінах з іншымі дзецьмі спрабуем папаўняць заняткамі ў розных гуртках. Але я хацела б, каб гэтых стасункаў у іх было больш.

У цёплае надвор’е мы пачалі часцей ездзіць на роварах, тут для гэтага вельмі добрая інфраструктура. Праводзім шмат часу ўсе разам. Зараз у кожнай дачкі ёсць свой пакой і гэта вырашае 90% пытанняў, якія здараліся раней паміж імі.

І ўсё ж мы плануем на гэты год яшчэ адзін пераезд, у Варшаву, бо там больш магчымасцяў, больш працы і адтуль бліжэй да Вільні, куды мы часта ганяем. Але галоўнае — там больш знаёмых і блізкіх.

Наста з дачкой Дамінікай, фота Паўла Крытчко

— А чым вы зарабляеце, бо ў сацсетках вы пісалі, што вымушаны былі браць вялікія пазыкі?

— Мы іх паступова аддаем. Я час ад часу працую на розных праектах, у асноўным звязаных з Беларуссю.

Некаторыя праекты стварала сама, напрыклад, у Кіеве «Беларускі хаб». І тут рабіла розныя праекты, Даша таксама працягвае працаваць у сацыяльных праектах. Я крыху працую онлайн, але так, гэта ўсё часовы заробак.

Таму зараз я шукаю працу, якая будзе пастаяннай, не абавязкова звязанай з НДА-сектарам.

— Напачатку вы сказалі, што марыце калісьці зноў займацца музыкай. У вас добры настрой, ад вас зыходзіць пазітыў. Зараз рэдкасць — сустрэць беларуса-эмігранта ў такім настроі.

— Канешне, я вельмі перажываю аб тым, што робіцца ў нашай краіне. Але калі зусім забараняць сабе радавацца, то мы не вытрымаем, мы кончымся.

Абавязкова радуйцеся нейкім дробязям! Гэта не значыць, што, гледзячы, напрыклад, на навагоднія ялінкі, я не думала пра палітзняволеных. Думала, што Наста Лойка не святкавала гэта свята так.

Калі мне прахалодна, я думаю, а як холадна ім. Але калі я нечаму радуюся, у мяне ёсць рэсурс вытрымліваць гэтыя перажыванні. Бо калі жыць толькі аднымі перажываннямі, проста згаснеш.

А так я магу і сама вытрываць, і яшчэ некага падтрымаю. Дарэчы, я вельмі чакаю адну палітзняволеную, якую павінны хутка вызваліць, і рыхтую ёй сюрпрыз, бо ведаю, яна гэтаму будзе рада.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(12)