Навумчык: «Мір у сёньняшніх умовах — капітуляцыя, выгодная Пуціну»

Мір, да якога заклікае Вашынгтон Украіну — гэта капітуляцыя перад Пуціным, піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

І менавіта гэтак дзеяньні Трампа і Вэнса трэба ўспрымаць. Стратэгічная мэта — «зьдзелка» з Пуціным, каб адарваць яго ад Пэкіну ў кантэксьце супрацьстаяньня ЗША і Кітаю.

Лёс, які ў такім раскладзе вызначаны Беларусі, — у арбіце ўплыву Масквы. Ва ўсякім разе, я сытуацыю бачу менавіта гэтак. Шчыра жадаю памыліцца.

У гісторыі былі выпадкі, калі народы і краіны былі вымушаныя зьмірыцца перад грубай сілай, каб захавацца фізычна, проста зьберагчыся на генэтычным узроўні.

Перад капітуляцыяй я маю на ўвазе не юрыдычна-прававы акт і ня поўнае зьнікненьне ачагоў змаганьня ды супраціву, а вымушаную адмову ісьці на маштабную барацьбу, якая амаль непазьбежна можа прывесьці да татальнай фізычнай гібелі.

Прыклад — капітуляцыя Чэхаславаччыны перад Гітлерам, ды і ў 1968 (тады чэхаславацкае войска ня выйшла з казармаў, хаця дысыдэнты не спынялі супраціву ні на дзень). Магу прывесьці і больш сьвежы і блізкі нам прыклад.

Вымушаную капітуляцыю звычайна суправаджае здрада больш моцных краінаў, так што наўрад ці справядліва вінаваціць у гэтым народы, якіх вымусілі на яе пагадзіцца. Што прыкметна — тая ж гісторыя сьведчыць, што ў пэрспэктыве лёс гэтых народаў часта складаўся больш шчасьліва, чым лёс акупантаў.

Але, паўтаруся: мір у сёньняшніх умовах — капітуляцыя, выгодная Пуціну. Дзеяньні Трампа і Вэнса — здрада тым каштоўнасьцям, якія рабілі апошнія 80 гадоў Злучаныя Штаты лідэрам вольнага сьвету.

І што б там ні казалі пра нястрыманасьць Зяленскага ў Авальным кабінэце, пра парушэньне пратаколу і гэтак далей, і гэтак далей — мае чалавечыя сымпатыі на ягоным баку. І на баку ўкраінцаў, зразумела.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)