Навумчык: «Хутка аятолы ўсім нам даходліва прадэманструюць рэлігійную талерантнасьць, правы ЛГБТ, гендэрную роўнасьць і шматквецьце культураў»

Публіцыст — пра еўрапейскую паліткарэктнасьць.

— Ведаеце, у чым розьніца паміж інтэграцыяй эмігрантаў-мусульманаў у ЗША і ў Эўропе? — піша Сяргей Навумчык. — Выхадзец з Пакістану, трапляючы ў Нью-Ёрк, наймаецца на цяжкую працу, укалвае з 6 раніцы да 20 вечара, каб ягоны сын скончыў унівэрсытэт, а народжаны ўжо ў Квінсе ці Бронксе ўнук стаў — хто ведае, можа, і сэнатарам, а нават і прэзыдэнтам ЗША.

Ну, наконт унука-прэзыдэнта — можа, і мара, а вось бачыць ужо сына інтэграваным у амэрыканскае грамадства — рэальная мэта. І як правіла, яна ажыцьцяўляецца.

Сяргей Навумчык

Амэрыка — гэта плавільны кацёл, які перамешвае нацыі і, ў выніку інтэгруе іх у грамадзтва. І пры гэтым  падтрымліваюцца нацыянальныя традыцыі (у чым можна пераканацца штогод на фэстывалях ля беларускай царквы на Атлянтык-авэню ў тым жа Нью-Ёрку).

Іншая справа — да прыкладу, у  Нямечыне. Тут чалавек сядзе на «сацыял», праўдамі-няпраўдамі перавязе мала што бацьку-маці, але і братоў-сёстраў, і дваюродных братоў-сёстраў, і траюродных братоў-сёстраў. І яны таксама сядуць на «сацыял». Без усялякага жаданьня бачыць свайго сына высокакваліфікаваным хірургам, а  ўнука — дэпутатам Бундэстагу ці фэдэральным канцлерам.

Увогуле без імкненьня інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва інакш, чым у якасьці атрымальніка фінансавай дапамогі. Але зь вялікай прагай ператварыць тэрыторыю вакол сябе ў гермэтычную супольнасьць, якая, у ідэале, будзе жыць па законах шарыяту.

Я, вядома, утрырую і надзвычай згушчаю фарбы — выхадзец з Емену ў Мюнхене можа імкнуцца інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва ўжо ў першым пакаленьні, а пакінстанец з Бостану ў трэцім пакаленьні — рыхтавацца пакараць «няверных» піратэхнічным спосабам.  Але тэндэнцыі менавіта такія.

Адрозна ад ЗША, Заходняя Эўропа так і ня здолела вырашыць праблему эмігацыі з мусульманскіх краінаў. Нават наблізіцца да яе вырашэньня.  Затое дзесяцігодзьдзямі тых, хто заклікаў да ўзважанай эміграцыйнай палітыкі, хто папярэджваў пра тое, што ідэя мультыкультурызму хаця і прыгожая, але ў выпадку свайго правалу небясьпечная (ці мала было ў гісторыі прыгожых ідэй, якія ў выніку праводзілі да катастрофаў!), — гэтых людзей абвінавачвалі ў лепшым выпадку — у непаліткарэктнасьці, у горшым — у празізме.

Ды іх левакі па-просту цкавалі. Палітыку ўсумніцца публічна ў слушнасьці эміграцыйнай палітыкі Мэркель у якім-небудзь 2015 годзе — было ўсё роўна, што прабачце, на дыпляматычным прыёме памачыцца на сьценку.

Я ня быў прыхільнікам колішняга прэзыдэнта Чэхіі сацыяліста Мілаша Зэмана. Але мне імпануе ягоная пазцыя, выказаная колькі год таму, калі Брусэль настойваў, каб Чэхія прыняла колькі там дзясяткаў тысяч эмігрантаў-мусульманаў.

Зэман адказаў прыблізна гэтак: «У Чэхіі няма мячэцяў і няма сродкаў, каб будаваць мячэці, таму вернікі-мусульмане будуць пакутваць, а нашыя сэрцы з-за гэтага — разрывацца. Але мы гатовы прыняць удвая болей уцекачоў з хрысьціянскіх краінаў».

Слова сваё Зэман стрымаў: Чэхія прытуліла шмат беларусаў пасьля 2020-га і пасьля 2022-га рэкордную сярод эўрапейскіх краінаў колькасьць украінцаў (у прапорцыях да колькасьці насельніцтва) (больш за 3000 тысяч).

Тое, што «мульці-кульці» у Эўропе пацярпеў татальны крах, прызнаюць, здаецца, усе (за выключэньнем зусім ужо зацятых левакоў). Але ці зьмянілася хоць што-небудзь?

Сёньня многія, камэнтуючы  яўрэйскія пагромы ў Амстэрдаме, па-ранейшаму баяцца адкрыта сказаць пра паходжаньне і пра веравызнаньне тых, хто гэтыя пагромы ўчыняў. Бо — абвінавацяць у расізме.

Пагромы ў Амстэрдаме могуць быць толькі пачаткам катастрофы. Калі Эўропа заканадаўча не замацуе іудэйска-хрысьціянскія каштоўнасьці як адзін з дзяржаваўтворных базісаў (левакі дамагліся, што яны былі выключаныя з канстытуцыяў некаторых краінаў), — праз 20-30 гадоў у ёй запануюць аятолы.

Яны ўсім нам даходліва прадэманструюць рэлігійную талерантнасьць, правы ЛГБТ, гендэрную роўнасьць і шматквецьце культураў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(100)