Истоки

Вераніка Бялова

Пашкевіч: «Продкі сучасных беларусаў былі сярод стваральнікаў ВКЛ. Гэтую дзяржаву ім ніхто не прынёс на сподачку – яны яе стваралі самі, у тым ліку праз ваенныя перамогі»

Ці сапраўды нашы продкі былі добрымі ваярамі, што змянілася і ці гатовы сённяшнія беларусы змагацца за сваю краіну?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы спрабуем знайсці ў межах нашага спецпраекту Вытокі. У інтэрв’ю «Салідарнасці» гісторык Аляксандр Пашкевіч патлумачыў, чаму не варта лічыць беларусаў няздатнымі да ўзброенага супраціву, куды знікла ідэя мірнага пратэсту і адкуль можа зыходзіць патэнцыйная пагроза.

Аляксандр Пашкевіч

— Ці сапраўды продкі беларусаў лічыліся добрымі ваярамі?

— Продкі сучасных беларусаў былі сярод стваральнікаў адной з найбольш вялікіх і моцных дзяржаў сярэднявечнай Еўропы – Вялікага Княства Літоўскага. Гэтую дзяржаву ім ніхто не падарыў і не прынёс на сподачку: яны яе стваралі самі, у тым ліку праз ваенныя перамогі – інакш падобныя дзяржавы і не ствараюцца.

І прыкладаў слаўных перамог, дасягнутых нашымі продкамі ці самастойна, ці ў саюзніцтве, можна прывесці больш чым дастаткова. Тое, што на слыху: Грунвальдская бітва, Клецкая, Аршанская, Кірхгольмская, Хацінская, Альгерд «дзіду сваю пад Масквой прыхінуў» (сваю перамогу над маскоўскім валадаром князь засведчыў тым, што пастукаў залатой дзідай у крамлёўскія муры — С.)…

А было ж шмат яшчэ драбнейшых паспяховых змаганняў, не настолькі «раскручаных». Урэшце, паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай з канца XV і амаль да канца XVII стагоддзяў няспынна ішлі войны, іх была цэлая серыя. І ў іх жа нашы не заўсёды прайгравалі, поспехі бакоў былі пераменныя.

Бітва пад Оршай, дзе 8 верасня 1514 года войскі Канстанціна Астрожскага разбілі маскоўскія

Ці змаглі б нашы продкі ваяваць і супраціўляцца так доўга, каб не ўмелі гэтага рабіць, не былі добрымі ваярамі? Пытанне, па-мойму, рытарычнае, а адказ на яго відавочны.

— Калі нешта змянілася, то калі гэта адбылося? Што паўплывала?

— Беларусаў, здаецца, ніколі ніхто не лічыў кепскімі салдатамі, калі казаць пра чыста прафесійныя іх якасці. Без асаблівых цяжкасцяў можна знайсці пахвальныя водгукі пра іх службу і ў расійскай імперскай арміі, і ў польскім міжваенным войску, і ў савецкай арміі, і ў розных іншых мілітарных і парамілітарных фармаваннях. У кожным разе, пазітыўных ацэнак звычайна куды больш, чым негатыўных.

Салдат-беларус звычайна вызначаўся як старанны, непатрабавальны, адказны, выканальны і дысцыплінаваны – а гэта якасці, якія ў войску вельмі цэняцца. І не толькі пра шарагоўцаў гаворка – таленавітых палкаводцаў беларускага паходжання таксама ёсць нямала.

Чаму ж, нягледзячы на гэта, сапраўды часам можна пачуць, што з беларусаў кепскія ваяры і яны, маўляў, не могуць за нешта толкам змагацца? Думаю, тут пытанне больш у ацэнцы з пункту гледжання эмацыйна-палітычнага.

Бо так гістарычна склалася, што апошнія стагоддзі найлепшыя здольнасці і найлепшыя якасці беларусаў ставіліся на службу чужым інтарэсам з занядбаннем сваіх уласных. І вайсковая галіна тут не толькі не выключэнне, але наадварот – найбольш характэрны прыклад.

Вось і ваявалі — прытым някепска ваявалі, — стагоддзямі за што заўгодна, толькі не за незалежную Беларусь.

Прычына ж гэтага перадусім у слабасці беларускай нацыянальнай ідэі і не пашыранасці яе на шырокія масы. Чаму так склалася — асобнае вялікае пытанне, якое да ўласна вайсковай справы мае хутчэй ускоснае дачыненне, бо на само вайсковае ўмельства не ўплывала.

Але ўплывала і ўплывае на эмацыйнасць ацэнак: маўляў, калі ваявалі не за Беларусь, то якія тады ўвогуле з вас ваякі? Эмацыйнасць, аднак, звычайна вораг аб’ектыўнасці.

— Ці згодны вы, што «хавацца ў лесе» — гэта галоўная працоўная стратэгія насельніцтва нашых земляў на працягу стагоддзяў?

— Так сталася, што нам выпала жыць у месцы, якое дзеля свайго геаграфічнага становішча пастаянна натуральным чынам рабілася полем бітвы пры маштабных, а часта і ўвогуле глабальных закалотах, у якіх удзельнічала расійская дзяржава ў розных яе формах – як пісаў класік, «тут схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць».

А гэта прыводзіла да таго, што і баі на нашай тэрыторыі вялі, і акупавалі яе такія магутныя і звычайна бязлітасныя сілы, што адкрыты выклік ім азначаў бы для мясцовага насельніцтва самагубства.

Для таго, каб кідаць праціўніку такі выклік, трэба мець сілы прынамсі з ім супастаўныя. Калі ж іх няма, то мусіш думаць перадусім пра тое, як у гэтай завірусе ацалець, а калі і аказваць які супраціў — то ўпотай, патаемна, не падстаўляючыся без толку. Так цягам апошніх стагоддзяў сапраўды і рабілася.

Таму ўласна беларускія высілкі на мілітарным полі і асацыююцца перадусім з партызанкай. Тым больш што і нашы геаграфічныя ўмовы гэтаму спрыялі. А большасць насельніцтва сапраўды звычайна ў тых варунках перадусім выжывала, у тым ліку і хаваючыся ў лесе.

Менавіта лес такім чынам і стаў своеасаблівым беларускім сімвалам, увайшоўшы і ў фальклор. Такая ў нас гісторыя і геаграфія.

— Якімі сёння вам бачацца беларусы, наколькі адрозніваюцца ад тагачасных?

— Думаю, мяняюцца не так беларусы ментальна, як знешнія і ўнутраныя ўмовы, у якіх ім даводзіцца жыць і дзейнічаць. Зрэшты, гэта не толькі наша спецыфічная асаблівасць, тое ж самае характэрнае і для іншых народаў. Заўсёды ва ўсіх зусім іншыя і паводзіны, і рашэнні ў выпадках, калі ўсе вокны магчымасцяў наглуха зачыненыя, і тады, калі яны адчыняюцца. Ці прынамсі здаецца, што адчыняюцца.

Няспынна гадамі і дзесяцігоддзямі ніхто ніколі ўсенародна не змагаецца, ніякае грамадства не можа быць у напружанні надта працяглы час. Бываюць успышкі актыўнасці, паўстанні, вельмі часта няўдалыя — а ў прамежку паміж імі людзі проста жывуць, бо жыццё ў іх адно. І беларусы тут ніякае не выключэнне.

Мы гадамі і дзесяцігоддзямі гаварылі, напрыклад, што беларусы, маўляў, нібыта па самой сваёй прыродзе няздатныя ні на згуртаванне, ні на пратэст, ні на самаахвярнасць, але 2020 год выразна паказаў няслушнасць такіх ацэнак.

Маштабу і працягласці пратэстаў дзівіліся ў свеце, пра фармаванне гарызантальных сувязяў на раённым, дваравым і асабістым узроўнях не пісаў і не гаварыў толькі лянівы, а пра адсутнасць смеласці і самаахвярнасці ва ўмовах, калі толькі праз турмы прайшлі дзясяткі тысяч, а праз іншыя формы рэпрэсій — сотні тысяч, калі ўжо не мільёны, могуць казаць толькі вельмі заангажавана-неаб’ектыўныя ці проста недасведчаныя людзі.

Тое, што пратэсты былі мірныя, зусім не азначае, што яны былі бяспечныя.

У сілавое ж супрацьстаянне гэта не перарасло тады перадусім таму, што ўмоў адпаведных не склалася. У пратэснай супольнасці не было ні зброі, ні падрыхтаваных людзей, а расколу сярод сілавікоў, як мы ведаем, не адбылося.

І, як гэта цяпер бачыцца з адлегласці, у тых умовах, відаць, і не магло адбыцца, улічваючы тое, што Лукашэнка атрымаў адназначную падтрымку з боку Крамля.

Без прынамсі нейтральнай пазіцыі з боку Масквы пры той сістэме, якая сфармавалася ў Беларусі, дабіцца нечага было малаверагодна. Можна было толькі праліць куды больш крыві.

У гэтым выпадку, дапускаю, нейкія асаблівасці беларускага менталітэту маглі і паспрыяць таму, каб гэтая рыса тады не была пяройдзеная. Але ўсё ж такі прынцыпова ў такіх выпадках уздзейнічае куды больш шырокая сукупнасць фактараў, на адзін менталітэт ківаць няслушна.

— Ці гатовы сёння беларусы брацца за зброю? І ці будуць у прынцыпе абараняць сваю зямлю ў выпадку пагрозы (і на чыім баку)?

— Думаю, што цяпер думкі пра тое, што трэба брацца за зброю, вельмі пашыраныя, ды і гатоўнасць да гэтага ў многіх высокая як ніколі.

Бо ўлады апошнія тры гады адно толькі тым і займаюцца, што паслядоўна сеюць у грамадстве нянавісць да сябе. Што, канешне, нават у самых мірных людзей не можа не выклікаць радыкалізацыі поглядаў і прагі помсты.

Але сама маральная гатоўнасць брацца за зброю пакуль натыкаецца на адсутнасць самой зброі, дзеля чаго ўсе гэтыя настроі купіруюцца, заганяюцца ўсярэдзіну і без адкрыцця акна магчымасцяў пры змене міжнароднай сітуацыі наўрад ці прарвуцца вонкі.

У той жа час несумненна, што ідэі мірнага пратэсту цяпер ужо не суджана мець такую папулярнасць, як гэта было тры гады таму. Яна жорстка растаптаная берцамі лукашэнкаўскіх сілавікоў, хоць, канешне, гэта не значыць, што пратэсныя настроі ўвогуле зніклі.

Але цяпер ужо мала ў каго ёсць надзея на тое, што ў выпадку новага акна для зменаў сілавікі могуць выступіць на баку дабра, а не на баку зла. І што на іх сумленне можна неяк уздзейнічаць праз масавасць выступленняў. Гэтыя людзі цяпер успрымаюцца проста як ворагі, без нейкіх адценняў. Што, канешне, аказвае непасрэднае ўздзеянне на светапогляд.

Адносна абароны сваёй зямлі ў выніку пагрозы — то Беларусь і беларусы цяпер знаходзяцца ў вельмі спецыфічнай сітуацыі, якую можна назваць гібрыднай акупацыяй. Патэнцыйная пагроза беларускай дзяржаўнасці паходзіць не з розных бакоў, а толькі з аднаго — з боку імперскай Расіі.

Прытым яна даўно ўжо не толькі патэнцыйная, але і цалкам рэальная. Адпаведна супраць гэтай пагрозы і трэба змагацца.

Але ў нашых умовах гэта не можа ісці па такой схеме, як гэта адбываецца ў падобных выпадках звычайна: калі адна дзяржава здзяйсняе агрэсію супраць іншай, улады дзяржавы-ахвяры праводзяць мабілізацыю, арганізуюць узброены супраціў, пераводзяць усе жыццё краіны на ваенныя рэйкі і г. д. І тады шмат чаго залежыць сапраўды ад настроенасці народа на змаганне і яго самаахвярнасці.

У рэаліях Беларусі 2023 года гэта так не працуе. Расійскім войскам уваходзіць у Беларусь не трэба, бо яны і так ужо тут. А ўвесь дзяржаўны апарат з войскам уключна — пад кантролем рэжыму, будучыня якога непасрэдна залежыць ад падтрымкі з боку Расіі.

Таму ў выпадку пагрозы гэтаму рэжыму ягоныя сілавыя органы – прынамсі, тая іх частка, якая моцна запляміла сябе рэпрэсіямі, — і акупацыйныя войскі будуць дзьмуць у адну дуду.

Таму сітуацыі, калі ўлада і народ адзіныя ў супрацьстаянні знешняму агрэсару, у нас у прынцыпе скласціся не можа, пакуль кіруе гэты рэжым. І з гэтага трэба зыходзіць.

Пытанне на сённяшні дзень можна ставіць толькі такое: ці будзе беларускае войска, калі што, на ўсіх узроўнях паслухмяна выконваць магчымы загад аб непасрэдным уступленні як баявая адзінка ў расійскую вайну з Украінай?

І якая будзе ягоная пазіцыя ў выпадку, калі б пад уплывам украінскіх вайсковых перамог загайдалася наяўная сістэма адносін ва ўсім рэгіёне? У мяне, шчыра кажучы, адназначных адказаў на гэтыя пытанні цяпер няма.

Але ў тым, што ў прынцыпе за чужыя інтарэсы пераважная большасць беларусаў нават у вайсковай форме па добрай волі ваяваць не надта рвецца, здаецца, сыходзяцца ўсе. А вось адказ на пытанне, ці будуць яны пры належным збегу абставін ваяваць за свае інтарэсы — тут усё туманна, можна толькі варажыць на кававай гушчы.

Перадусім таму, што зусім немагчыма дакладна змадэляваць, якім менавіта той збег абставін будзе.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі ў межах праграмы Transiton Promotion.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(22)