PRADMOVA-2024. «Дзе кніга становіцца цэнтрам для разважанняў»

У Вільнюсе стартуе адна з галоўных для беларусаў культурніцкіх падзей года.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA у гэтым годзе адбудзецца 5-6 кастрычніка на пляцоўцы тэатра «Vilniaus klasika» (Vytenio, 6). У праграме — літаратурныя прэзентацыі і дыскусіі, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы, паэтычныя чытанні, музычныя імпрэзы.

Як зазначаюь арганізатары, «PRADMOVA — гэта пляцоўка для сустрэч інтэлектуалаў, пісьменнікаў і чытачоў, дзе кніга становіцца цэнтрам для разважанняў і абмеркавання актуальных тэм».

Таму фестываль — не разавая сустрэча, а серыя мерапрыемстваў у розных гарадах і краінах. Напрыклад, пасля Вільнюса цягам кастрычніка-снежня PRADMOVA запрашае аўтараў і чытачоў, рэдактараў і выдаўцоў, літаратараў і музыкаў на сустрэчы ў Берліне, Варшаве і Познані, а таксама ў анлайн-фармаце.

На фестывалі ў Вільнюсе будуць прэзентаваныя кніга перакладаў на беларускую мову філосафа Уладзіміра Фурса («Беларусь у святле сучаснай крытычнай сацыяльнай тэорыі») і дарадцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, філосафкі Таццяны Шчытцовай («Солидарность потрясённых. Эссе о Беларусской революции»), а таксама кніжная калекцыя гісторыка Алеся Белага пра габрэйскую кулінарную спадчыну.

«Асобная ўвага будзе нададзеная перакладам сусветнай класікі на беларускую мову і сучаснай паэзіі», — дадаюць арганізатары.

Удзельнікі творчых майстар-класаў змогуць даведацца і папрактыкавацца, як пісаць кароткую прозу ці распрацоўваць новыя літаратурныя формы.

Абодва дні ўвечары запланаваны міжнародныя паэтычныя чытанні і музычныя выступы, якія паяднаюць беларускіх і замежных паэтаў. І, канешне, адна з самых цікавых для наведнікаў частак праграмы — кніжны кірмаш: магчымасць набыць кнігі беларускіх і замежных аўтараў, пазнаёміцца з навінкамі літаратуры, а таксама пагутарыць з пісьменнікамі асабіста і атрымаць аўтарскія подпісы кніг.

Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю PRADMOVA  — вольны. Падрабязнасці можна даведацца тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)