Рудкоўскі: «Роля Лукашэнкі — пасылаць сігналы ад імя Крамля міжнародным актарам»
Палiтолаг – пра асабісты зварот кіраўніка Беларусi ў ААН.
Акурат у дзень перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы дзяржаўныя СМІ паведамілі пра пасланне з афіцыйнага Менску да генсакратара ААН Антоніу Гутэрыша.
Асабісты зварот, які датаваны нібыта яшчэ 8 мая, утрымлівае адначасова запэўніванні ў міралюбнасці Беларусі, якая «ніколі не была ініцыятарам якіх-небудзь войнаў або канфліктаў», папрокі Захаду, што гэта ягонае ігнараванне інтарэсаў іншых партнёраў «справакавала гарачы канфлікт на тэрыторыі Украіны», і заклік да мірных перамоў — канешне, з удзелам Беларусі.
Чаму Лукашэнка зноў прымярае на сябе тогу міратворца і ці ягоная гэта самадзейнасць, ці ўзгодненая з Крамлём ініцыятыва?
— Быў час, калі Лукашэнка займаўся самадзейнасцю, дражнячы і правакуючы Крэмль. Але гэта ўжо мінулае, — адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі. — Спачатку жнівень-2020, пазней люты 2022 года звязалі яго па руках і нагах з Пуціным.
Для ўнутранага рынку (гэта значыць, расійскага грамадства) Лукашэнка іграе ролю стойкага саюзніка. Для міжнароднага рынку Лукашэнка — гэта прыдатак да Лаўрова. Яго роля — пасылаць сігналы ад імя Крамля міжнародным актарам.
У дадзеным выпадку, мяркуе аналітык, сігнал наступны: «Воздержаться от поставок вооружений (Украіне)», «воздержаться от информационной войны» (то-бок, асуджэння расейскай агрэсіі). І ўсе ёмістыя і пафасныя разважанні Лукашэнкі наконт пасляваенных працэсаў і важнасці дыпламатыі зводзяцца менавіта да гэтага месэджу.
Лукашэнка, дадае эксперт, не ёсць адзіным транслятарам сігналаў Крамля:
— Доўгагадовы сябра Пуціна Сільвіё Берлусконі амаль увадначас заяўляе ў інтэрв'ю выданню Libero Quotidiano, што «Еўропа павінна аб'яднацца і зрабіць мірную прапанову Пуціну і ўкраінцам, паспрабаваўшы прымусіць Кіеў прыняць патрабаванні Расіі».
Агульны назоўнік такога тыпу заяўваў — перадаць міжнароднай супольнасці сігнал: «Дазвольце Крамлю закончыць гэту «спецаперацыю» і захаваць свой твар». Крэмль стаіць перад жорсткім выбарам: або мабілізацыя, або высокая імавернасць ганебнай паразы. Абодва варыянты кепскія.
Рэйтынг Пуціна, які імкліва рос з канца лютага да сярэдзіны красавіка, затрымаўся і паволі — пакуль што паволі — падае. Калі яму не ўдасца паказаць грамадству хоць якую перамогу, гэта можа вельмі кепска скончыцца для пуцінскага рэжыму.
Адсюль вось такія сігналы, што мы — яны — саспелі да мірнага ўрэгулявання. Але вы — перастаньце хаця б пастаўляць зброю Украіне! І Лукашэнка — адзін з транслятараў гэтых сігналаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное