Общество

Наталля Север

Судаленка: «Мы павінны кожны дзень крычаць пра тое, у якіх умовах адбываюць пакаранне беларускія палітзняволеныя»

Праваабаронца Леанід Судаленка ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра смерць у зняволенні Ігара Ледніка.

Леанід Судаленка

— Гэта вельмі жахліва і гэта ўжо не першая смерць у беларускіх турмах. Але я казаў і буду казаць: людзі паміраюць дома ці ў бальніцах, а ў турмах людзей забіваюць, — падкрэсліў  Леанід Судаленка, каментуючы «Салідарнасці» смерць палітвязня Ігара Ледніка. — Якой бы ні была афіцыйная версія, маўляў, памёр.

А чаму ён памёр у 64 гады? Ён быў сур’ёзна хворы. Тады чаму яго не лячылі? І наогул, чаму сур’ёзна хворы чалавек быў у турме, а не на волі ці ў бальніцы?

І зноў жа, ён адбываў пакаранне за абразу прэзідэнта.

Калі хтосьці лічыць сябе такім абражаным, дык чаму ён не падаў пазоў супраць Ледніка ў грамадскім парадку і не патрабаваў кампенсацыі нанесенай шкоды?

Чаму абавязкова крымінальная адказнасць і менавіта такі тэрмін — тры гады за абразу? Вось гэтыя пытанні не даюць мне супакою.

— Немагчыма зараз не праводзіць паралелі. На мінулым тыдні загінуў расійскі палітвязень Аляксей Навальны. Мы неаднаразова бачылі яго па відэасувязі ў судах, маці з ім сустракалася літаральна на днях, і ён увесь час мог перадаваць інфармацыю. На жаль, гэта яго не ўратавала. А што казаць пра нашых палітвязняў, якія знаходзяцца наогул у рэжыме інкамунікада?

— Так і ёсць, мы год і нават больш не маем ніякай сувязі з Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыка, Мікалаем Статкевічам, Максімам Знакам, Марыяй Калеснікавай ды іншымі палітычнымі вязнямі.

Мы не ведаем, што з гэтымі людзьмі і колькі там можа быць ахвяр. Мы ведаем толькі, што іх увесь час змяшчаюць у ШЫЗА, дзе катуюць і холадам, і іншымі абмежаваннямі.

Иллюстрация: Аня Леонова / Медиазона

Што мы можам рабіць, бо няма ў нас з вамі ключоў ад камер, каб вызваліць нашых братоў і сясцёр?

Гэтыя ключы ў кішэні Лукашэнкі. Але ён ні з кім не вядзе перамовы, нават тая амністыя, якую ён зараз рыхтуе, да палітычных вязняў не будзе прымененая.

Адзінае, што ў нас ёсць, каб супрацьстаяць, — наш голас. Гэта тое, што ў нас нельга адабраць.

І мы павінны кожны дзень нават не казаць, а крычаць пра гэта ўсё, даводзіць як можна шырэй, распаўсюджваць інфармацыю пра тое, у якіх умовах непасрэдна адбываюць пакаранне беларускія палітычныя вязні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(21)