Паводле сястры Марыі Калесьнікавай Тацяны Хоміч, інфармацыя пра палітзьняволеную да сям’і даходзіць «літаральна па драбочку», у асноўным ад вязьняў, якія вызваліліся.
Пра гэта Тацяна Хоміч расказала ў інтэрвію «Настоящему времени». Падрабязнасці публікуе Радыё Свабода.
Тацяна Хоміч нагадала, што Марыя Калесьнікава больш за паўтара года знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Але, паводле зьвестак Тацяны, з ПКТ сястру пэрыядычна зьмяшчаюць яшчэ і ў ШЫЗА, а там дзейнічаюць абмежаваньні на набыцьцё тавараў і на перадачы.
Між тым Марыі Калесьнікавай, якая перанесла апэрацыю на прабадной язьве, патрэбнае адмысловае харчаваньне, кажа сястра зьняволенай Тацяна.
Паводле ейнай інфармацыі, у ШЫЗА набыць гэтую ежу сястра ня можа. Таксама, паводле Тацяны Хоміч, для нармальнага харчаваньня Марыі не хапае грошай, якія дазваляюць патраціць у ПКТ.
— Турэмную ежу яна ня можа есьці, гэта вельмі грубая для яе ежа. Умовы ў ПКТ прадугледжваюць, што можна патраціць 35–70 рублёў на месяц, гэта каля 10–20 эўра на месяц. Але ўявіце, што на гэтыя грошы можна набыць у Беларусі? У лепшым выпадку гарбату, печыва. Але ж ёй яшчэ патрэбныя пракладкі, рэчы гігіены, якія ў перадачах да яе не трапляюць. Таму ўвесь гэты час Маша недаядае, фактычна яна галадае, — расказала Тацяна Хоміч пра сястру.
Таксама яна пракамэнтавала тое, што цяпер адбываецца ў зьняволеньні зь яе сястрой.
— Ад гэтага, скажу шчыра, я шакаваная. Мы пачулі, што яна важыць 45 кіляграмаў, і гэта пры яе росьце ў 175 — уявіце!