«У прафкам прыйшлося ўступіць. Нас нават не пыталіся – прыйшлі і сказалі: вы ўступаеце»
Беларускамоўны хлопец, які пераехаў у Мінск, каб вучыцца ва ўніверсітэце, быў вымушаны размаўляць у ВНУ па-руску дзеля ўласнай бяспекі. У інтэрв’ю «Салідарнасці» Радзівон (імя зменена), які сёлета цалкам скончыў вучобу, расказаў, ці ўплывае прапаганда на моладзь, чаму ён лічыць, што беларуская мова ў краіне не знікне, і які жыццёвы шлях у Беларусі абраў для сябе.
— Мінск працягвае сваё жыццё. Своеасаблівае. Нельга не заўважыць, як растуць кошты — на кватэры, прадукты. Яшчэ два гады таму 1300 рублёў заробка мне хапала, каб заплаціць за арэнду кватэры і камуналку (600 рублёў), і набыць усё, што трэба. Цяпер не хапае. Гэта жыццё ад заробку да заробку, — кажа Радзівон.
І распавядае далей:
— Ідэальны студэнт для сучаснага беларускага ўніверсітэта — гэта чалавек, які прысвячае час толькі вучобе (то бок не працуе), уваходзіць у БРСМ і ходзіць па ідэалагічных мерапрыемствах. Такому студэнту, калі ён не з Мінска, даюць месца ў інтэрнаце.
Калі толькі паступіў, мне таксама далі месца, але пры паўторным засяленні ўжо не. Афіцыйна гэта ніяк не тлумачылі, але ў прыватных размовах казалі, што гэта з-за «неблаганадзейнасці» — мяне затрымлівалі ў 2020 годзе, калі я быў яшчэ непаўналетнім.
Зразумела, пакуль ты жывеш у інтэрнаце, асабліва пра грошы можаш не думаць. Але калі трэба здымаць жыллё, то толькі вучыцца не атрымаецца — на 200 рублёў стыпендыі немагчыма здымаць жыллё і жыць.
З першага курса, па словах Радзівона, за ім пільна сачылі:
— Ва ўніверсітэце ведалі, што я ўдзельнічаў у мітынгах 2020 года, таму спачатку мне трэба было паабяцаць, што такога больш не паўторыцца. А на працягу ўсяго навучання за мной пільна сачылі і ў многіх момантах адмаўлялі — на думку адміністрацыі, я нічога не заслугоўваў.
Мы шмат чулі, што беларускія ўніверсітэты па-за палітыкай. Але гэта, вядома, не так. Яшчэ са школы гэтая сістэмавыносіць нам мазгі і намагаецца зрабіць з нас ідэалагічна правільных грамадзян, а потым усё гэта працягваецца ва ўніверсітэце.
Напрыклад, нам неаднаразова паказвалі фільмы пра Украіну ў адмоўным ключы, там ажно чыталася нянавісць. Нам хацелі данесці, што мы нібыта самыя моцныя.
Калі студэнт адмаўляецца хадзіць на ідэалагічныя мерапрыемствы, яму абяцаюць, што будуць праблемы. Але гэта не заўсёды так. Я і мае сябры часта не хадзілі, бо не хацелі слухаць гэтую лухту, і нічога не было. А калі траплялі на такія мерапрыемствы, то ўсе студэнты ў зале проста сядзелі ў тэлефоне — многім было ўсё роўна, што ім там кажуць, нягледзячы на тое, што выкладчыкі хадзілі і правяралі, каб усе прыбралі тэлефоны.
Па маіх назіраннях, у большасці выпадкаў такая прапаганда не ўплывае на моладзь. Дакладна ведаю, што мае аднагрупнікі на гэта не вяліся, казалі, што гэта хлусня, якую нават не трэба слухаць. Але часам гэта залежыць ад таго, што адбывалася ў школе. Вось мне пашчасціла — нас не прымушалі да чагосьці. А тыя, каму прамываюць мазгі яшчэ са школы, могуць верыць прапагандзе.
Таксама нават цяпер цалкам магчыма не ўступаць у БРСМ. Я не ўступаў, некаторыя аднагрупнікі таксама. Нам казалі, што будуць наступствы, але ў рэальнасці мы іх не ўбачылі. Вось у прафкам прыйшлося ўступіць. Нас нават не пыталі. Проста прыйшлі і сказалі: вы ўступаеце. Хтосьці потым выйшаў і таксама ніякіх наступстваў не было.
У якасці адукацыі, працягвае выпускнік, ёсць як пазітыўныя моманты, так і адмоўныя. Глабальна Радзівон атрымаў веды, якія яму патрэбны ў прафесіі — гэта пазітыўны момант.
— Але калі ты сапраўды хочаш нечаму навучыцца, то інфармацыю трэба даставаць па крупінцы. Былі заняткі, на якіх мы нічога не рабілі. Таксама вельмі шмат састарэлай інфармацыі, падручнікаў.
Уявіце, што ў 2026 годзе мы вучыліся па метадычках 1990-х. І ў большасці выпадкаў ад нас патрабавалі веды па гэтых метадычках. Зразумела, па іх і вучылі.
Але былі дысцыпліны, дзе немагчыма было не шукаць актуальную інфармацыю. І тады мы ўжо рабілі гэта самастойна.
Увогуле атмасфера ва ўніверсітэце даволі закрытая. Студэнты прыходзяць, каб паказаць свае працы і знікаюць. Маглі трошкі пасмяяцца, але абмяркоўваць нешта рызыкоўна, асабліва з выкладчыкамі.
Нейкія вострыя тэмы абмяркоўвалі толькі паміж сабой, бо ўніверсітэт — небяспечнае месца.
Па гэтай жа прычыне я амаль не размаўляў ва ўніверсітэце па-беларуску. З выкладчыкамі — толькі па-руску. З аднагрупнікамі мог па-беларуску, яны вельмі станоўча да гэтага ставіліся. Нават кайфавалі ад маёй беларускай мовы і ад таго, як я сам кайфую, размаўляючы на ёй.
Шмат якія працы ва ўніверы я пісаў на беларускай мове, але пра дыплом намякнулі, што лепш па-руску. Ну ладна, што мне заставалася рабіць.
Таксама цікава, што не ўсе студэнты могуць нармальна размеркавацца, бо не праходзяць пэўныя праверкі ад дзяржпрадпрыемстваў. Таму ім застаецца або самім шукаць прадпрыемствы, якія іх возьмуць, але, калі зусім без варыянтаў, універсітэт вымушаны размеркаваць у прыватную кампанію.
Калі адыйсці ад універсітэта, то ў горадзе, расказвае суразмоўнік «Салідарнасці», да беларускай мовы ставяцца пазітыўна:
— Пачаў заўважаць, што стала болей рэкламы на беларускай мове, людзі пачалі цікавіцца беларускімі гуртамі. І большасць з гэтых людзей — школьнікі. Калі гляджу на іх, то ўспамінаю сябе — я таксама пачаў цікавіцца нашай культурай і мовай у школе.
Мы бачым, што па краіне здымаюць шыльды на беларускай мове, прыбралі беларускую лацінку, але я лічу, што ў будучыні народ захоча гэта вярнуць. У нас з беларускай мовай то спад, то ўздым. На маю думку, апошні ўздым-спад быў у 2020-2021 гадах. Цяпер перыяд, калі сярод людзей беларуская мова зноў адраджаецца. Пашыраецца беларускамоўная прастора, у якую ўваходзяць не толькі, як кажуць, змагары, але і вельмі маладыя людзі.
Так, гэта адбываецца не пад бчб-сцягамі, а пад чырвона-зялёнымі, але адбываецца. І я дакладна ведаю, што моладзь, якая не ўдзельнічала ў падзеях 2020-га, цяпер цікавіцца тым перыядам, для іх гэта адкрыццё, штосьці такое «ваў».
Ілюстратыўны здымак
Я ўпэўнены, што беларуская мова не памрэ, бо людзі, якія на ёй размаўляюць, з кожным годам з'яўляюцца. Няхай гэта ўмоўныя 100 чалавек у год, але яны ёсць. Нават паглядзець, што цяпер беларусы пішуць у сацсетках: вельмі шмат там пра тое, што ў беларусаў ёсць свае словы, якія не разумеюць тыя ж расейцы. Дарэчы, мне і ў крамах нармальна адказваюць па-беларуску, і «чаявых» больш даюць.
Нікому зараз, дарэчы, не падабаецца, што ў Беларусь прыехала шмат расіян. Нават людзям з больш памяркоўнай пазіцыяй. Звычайна мы бачым расіян, якія прыехалі ў «Белоруссию», якія не паважаюць нашу культуру, персанал, вуліцы. Такіх расейцаў шмат. Мы просім іх сюды не ехаць. Калі ўжо прыехалі, выгнаць не можам, таму адзінае, што можам зрабіць — асіміляваць, каб яны не былі такімі, як прывыклі сябе паводзіць.
Неаднаразова на працы сутыкаўся з тым, што яны хочуць расплаціцца расейскімі рублямі. Або пытаюцца, колькі гэта будзе на іх рублі. Адказваў: «Не ведаю, мы тут не разменны пункт».
Ну і ўвогуле, калі прыходзяць расіяне, гэта адразу адчуваецца: «принеси это, принеси то». Мы з калегамі адразу бачым іх.
А потым яны падыходзяць і расплачваюцца расейскай карткай, і ўсе пытанні адразу адпадаюць. Але дзеля справядлівасці скажу, што не раз сустракаў добрае стаўленне да беларускай мовы. Бывала, мне казалі: «Ого, супер, крута».
Калі казаць пра атмасферу агулам, то беларусы, адзначае Радзівон, «не перагарнулі старонку». Проста прызвычаіліся да новых умоў.
— На жаль, дагэтуль затрымліваюць людзей. Шмат маіх знаёмых працягваюць з'язджаць і цяпер, бо на іх штосьці знайшлі. Пры гэтым трэба разумець, што ўсе людзі розныя. Хтосьці змяніў бок, хтосьці моцна замаўчаў, хтосьці пагрузіўся ў рэфлексію. Я для сябе абраў культурны шлях — раблю кантэнт на беларускай мове. Гэта мяне натхняе.
Лічу, што важна канцэнтравацца на тым, што ёсць у Беларусі цяпер. Вельмі шмат людзей пачалі рабіць кантэнт па-беларуску — сёння гэта вельмі смела, крута і годна.
У нас амаль няма свабоды для самавыражэння, прыходзіцца сябе цэнзураваць, каб не атрымаць па галаве ад дзяржавы. Але шмат чаго намагаецца адрадзіцца з такіх руін… Нават праз недахоп людзей і сродкаў. Шмат новых людзей, якія ўварваліся ва ўсё гэта, і хочуць зрабіць лепш. Гэта вялікая праца, якая часта не акупаецца.
Не магу сказаць, што адчуваю сябе камфортна, што задаволены палітыкай маёй краіны. Але я намагаюся сам стварыць сабе атмасферу. Вядома, хацелася б такога і ад дзяржавы. Але, як і ва ўніверсітэце, усё прыходзіцца рабіць самому. Калі падсумаваць, я б сказаў, што ўсё блага, але мы трымаемся.
Кожны дзень думаеш: хоць бы заўтра не вайна. Але чалавек адаптуецца пад розныя ўмовы і заўсёды знаходзіць варыянт, каб жыць далей. Я хачу жыць добра і намагаюся штосьці дзеля гэтага зрабіць.
Асноўная частка маіх сяброў зараз за мяжой, бо іх вымусілі з'ехаць з краіны. Але я бачу, што ніхто з іх не хоча жыць у адрыве ад радзімы: ва ўсіх тут ёсць сваякі, родныя месцы. Нашае пакаленне не першае, хто пражывае эміграцыю. Я з усімі падтрымліваю сувязь і хачу сказаць, што ніякай прорвы з тымі, хто цяпер жыве па-за межамі Беларусі, у мяне няма.