«Увогуле ўсё ўпершыню». 80 год Уладзіміру Някляеву
9 ліпеня афіцыйна споўнілася 80 год паэту, празаіку і грамадскаму дзеячу Уладзіміру Някляеву (неафіцыйна дзень нараджэння ён адзначае 11 ліпеня).
Уладзімір Някляеў нарадзіўся ў 1946 годзе ў Смаргоні, дзяцінства правёў у Крэве. Літаратар узначальваў Саюз беларускіх пісьменнікаў, грамадскую кампанію «Гавары праўду», быў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года.
Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута згадаў на сваёй старонцы ў Facebook:
«Сёння дзень народзінаў вялікага беларускага паэта Уладзіміра Някляева. Калі я прапанаваў яму ісці ў палітыку, ён параіўся з Генадзем Бураўкіным. Бураўкін затэлефанаваў мне.
— Прыйдзі.
Я прыйшоў. Ніколі я не бачыў Генадзя Мікалаевіча такім узрушаным.
— Ты разумееш, кто такі Някляеў?!
— Так...
Подых Бураўкіна быў цяжкі, ён сапраўды хваляваўся.
— Ты адказваеш за Валодзю не перада мной. Перад беларускай літаратурай і перад беларускім народам! Разумееш ступень адказнасці?
— Так.
— Вось. Ідзі зараз да яго.
І — ужо ў спіну, калі я пачаў сыходзіць па лесвіцы:
— Беражы яго! Ён геній!
І ціха — але я пачуў:
— Мажліва, апошні... геній.
Уладзімір Пракопавіч, з чарговым — не апошнім!!! — юбілеем Вас! Трымайцеся!»
Сам паэт, якому споўнілася 80 год, напісаў:
– Першы (па версіі маці) дзень народзінаў. І ўвогуле ўсё ўпершыню. Першыя 80 гадоў.
І ў першую раніцу першага дня восемдзесят першага года (пры ясным розуме і цвёрдай памяці) напісаўся першы верш пад назвай:
НЕКРАЛОГ
Пад гадамі, якія адмераў мне Бог,
Ціха-паціху падводзіцца рыса.
Хутка з’явіцца мой некралог –
Нікім не падпісаны.
Вось калі б я памёр да часоў Пазьняка,
Да Аляксандра Рыгоравіча прыхода,
Некралог падпісаў бы сакратар ЦК
І найлепшыя прадстаўнікі народа.
Падпісалі б пісьменнікі. Не маленькія нейкія –
Толькі тыя, хто ў званні... І вечным пяром
Падпісаў бы Сам
старшыня Саюза пісьменнікаў,
Калі б я сам не быў старшынём.
Тут праблема ўзнікала: магла быць няўвязка
З паведамленнем агенцыі ТАСС...
Але пазванілі з ЦК: «Калі ласка,
Не трэба спяшацца. Яшчэ вам не час».
Культурна. Карэктна. Не ў форме загаду...
І ў сённяшнім часе, як і тады,
Удзячны я партыі і ўраду,
Што працягнулі мае гады.
Няхай гэты час быў далёка не лепшы,
Не ласкавы час, але ўсё ж з ласкі Бога
Дарэшты я ў ім дапісаў мае вершы –
Як змест і як подпіс майго некралога.
Читайте еще
Избранное