Васілевіч: «Лукашэнка хоча кантраляваць цэрквы, таму што бачыў у 2020 годзе, што вернікі не знаходзяцца пад ягоным кантролем»

Экспертка ў галіне рэлігіі, палітыкі і права — пра тое, у што верыць правадыр рэжыму. І чаму ў яго не атрымліваецца ўзяць святароў і вернікаў пад кантроль.

На нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, каб святары кожнай з іх не прыязджалі з іншых краін, а вучыліся на тэрыторыі Беларусі.

Паводле правіцеля, рэлігійныя адукацыйныя цэнтры мусяць рыхтаваць «патрыётаў, якія любяць сваю краіну і абараняюць». Навошта гэта Лукашэнку — каб лягчэй было «дамаўляцца» з рознымі канфесіямі, узмацніць уплыў дзяржавы праз рэлігію?

— Насамрэч, да канца незразумела, што Лукашэнка меў на ўвазе, бо СМІ па-рознаму інтэрпрэтавалі ягоныя словы, — каментуе гэтую заяву правіцеля ў эфіры Еўрарадыё тэолаг Наталля Васілевіч.

Наталля Васілевіч

— У пераказе адных, трэба стварыць новы адукацыйны цэнтр, другіх — што кожнай канфесіі патрэбны свой цэнтр, альбо стварыць цэнтр навучання сваіх святароў для кожнай канфесіі. Словам, ён не вельмі выразна выказаўся, і людзі не зразумелі, а што там усё ж было.

Дарэчы, калі помніце, у пачатку 2021 года ён акунаўся недзе ў сябе дома ў купель, у басейнчык такі, і потым з сабакам Умкам піў асвечаную ваду. Дык там былі пазнакі ўсіх рэлігій: вісела іудзейская зорка Давіда, і ісламскія сімвалы, і крыжыкі, — такі ў яго цэнтр усіх рэлігій.

Уяўленні пра рэлігію ў Лукашэнкі нейкія вельмі своеасаблівыя. Безумоўна, у яго ёсць пэўная свая вера — хутчэй за ўсё, яна звязаная з тым, якую ён сам ролю выконвае ў гэтым свеце.

Ён сабе ўяўляе нейкай асаблівай персонай, такой месіянскай. Пры гэтым цэрквы ён разглядае абсалютна не ў кантэксце веры, якіх-небудзь вышэйшых сіл — што ёсць Бог, і праз царкву можна неяк з Богам дамовіцца. Ён нават перахрысціцца ў той царкве не можа, штосьці яму замінае.

Хоць гэта найпрасцейшая рэч, нават атэісты хрэсцяцца, калі трэба, умеюць гэта рабіць. А Лукашэнка не можа. І ніколі не кажа ў царкве пра духоўнае. Ён заўсёды кажа пра палітыку, пра сябе, пра «патрыятызм» і гэтак далей. Ён пагражае якімсьці ворагам, бачным і нябачным.

То бок, у гэтым плане ён чалавек, які абсалютна не разумее тэму рэлігіі. Для яго тыя восем чалавек, прадстаўнікі канфесій, што перад ім сядзелі — гэта чыноўнікі. А царква — ведамства.

Вось у нас ёсць міністэрства сельскай гаспадаркі, міністэрства абароны, яшчэ чагосьці. Так і ў рэлігійнай сферы, нібыта ёсць міністэрства праваслаўя, па іудэях, па каталіках, і як з чыноўнікамі, праводзяць селектарную нараду і ім выдаюцца каштоўныя ўказанні, што яны павінны зрабіць. А калі імі незадаволеныя, прылятае нейкая крытыка.

Пры гэтым, калі ён гаворыць пра нейкую формулу, якую ўлада выпрацавала сумесна з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій («павага, разуменне, згода»), то сам ён ніколі не паважае прадстаўнікоў канфесій, не разумее і разумець не хоча, ужо не кажучы аб тым, каб з імі пагаджацца.

Не, гэтая формула, якая дзейнічае да яго, у гэтай рэлігійнай сістэме ён — цэнтральны элемент. А тое, як да Лукашэнкі ставяцца прадстаўнікі канфесій, вызначае іхняе месца і тое, наколькі ім добра ці дрэнна жывецца. На мой погляд, гэта тое, праз што праходзілі многія дыктатуры: кантроль — і на тым усё.

Лукашэнка хоча кантраляваць цэрквы, таму што ведае і бачыў у 2020 годзе, што вернікі не знаходзяцца пад ягоным кантролем, яны могуць сказаць: не, мы падтрымліваем дэмакратычнае развіццё Беларусі, мы супраць гвалту, мы не падтрымліваем несправядлівасць і беззаконне.

Безумоўна, Лукашэнка хоча вярнуць гэты кантроль. Адсюль масавыя праверкі тэлефонаў у святароў, у пастараў. Бо, можа, святар нічога не гаворыць публічна, дык давайце паглядзім, што і каму яны пішуць, залезем да іх у душу, дзе ў іх там хаваецца нязгода? І на 15 сутак.

Толькі за 2024 год пяцёра каталіцкіх святароў пры праверках тэлефонаў і сацсетак на «экстрэмізм» былі пасаджаныя на суткі. Ці гэта нармальна? Канешне, не.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)