Тут можна зразумець маштаб абсурду — усю яго сям'ю, якая знаходзіцца ў Беларусі, трасуць, да ўсіх прыходзяць, арыштоўваюць маёмасць проста за тое, што чалавек дзесьці ў Беластоку павязаў бел-чырвона-белую стужку на дрэва.
Васілевіч: «Людзей пераследуюць за тое, што яны на нейкай Варшаўскай вуліцы пастаялі не з тым сімвалам»
Як парушаюць правы святароў і вернікаў.
— Цяпер ідзе разгляд вялікай справы супраць тых, хто нібыта ўдзельнічаў у нейкіх мерапрыемствах на Дзень Волі ў Варшаве, Вільні, Беластоку, яшчэ ў нейкіх гарадах, — расказала Наталля Васілевіч на Еўрарадыё. — Там людзям прыпісваюць і здраду дзяржаве, і захоп улады, і гэтак далей.
Адзін наш вернік таксама праходзіць па такой справе. Ён недзе ў Беластоку, не ведаю, сцяжком памахаў ці стужку нейкую на дрэва павязаў.
І гэта такая агульная крымінальная справа, пад якую падпісваюць не толькі актывістаў, а ўсіх, хто знаходзіцца за мяжой і, можа, стаяў якія паўгадзіны са сцягам дзе-небудзь на Беластоцкай вуліцы.
То-бок гэтая рэпрэсіўная машына не толькі беларусаў у Беларусі пераследуе за тое, што яны лайк паставілі, сардэчка паслалі, ці яшчэ два гады таму даслалі нейкі фотаздымак у «Гаюн».
Людзей пераследуюць за тое, што яны на нейкай Варшаўскай вуліцы пастаялі не з тым сімвалам. І мы бачым, што гэтая машына нарошчвае рэпрэсіі, замест таго, каб спыніцца, спрабуе дабірацца яшчэ далей, захоплівае ўсё большую колькасць людзей.
Тая ж «справа ЕГУ», калі да людзей, якія працавалі там ці некалі вучыліся, масава прыходзяць усякія следчыя, губазікі і гэтак далей. Рэпрэсіі не знікаюць, яны пашыраюцца.
Праваабаронцы, у тым ліку Хрысціянская візія, кажуць і пра схаваныя рэпрэсіі, пра святароў, якім не даюць працяг служэння.
— Мы інфармуем амаль кожны месяц пра высылку каталіцкіх святароў, пра непрацяг дазволу ім на служэнне. Асабліва апошнім часам гэта зноў становіцца стандартнай практыкай.
Рэжым вырашыў, што цяпер можна падзаціснуць правы людзей мець свайго святара і правы рэлігійнай супольнасці запрашаць святароў замежжа, калі не хапае сваіх.
Безумоўна, гэта паўплывае на пэўнае кола людзей, таксама на саміх святароў, якія ўсё ж спадзяваліся працягваць служэнне на тым месцы, куды яны былі пакліканыя мясцовай царквой.
І, безумоўна, гэта парушае і іх права таксама. Бо сярод іх ёсць тыя, хто шмат гадоў пражылі ў Беларусі, хто атаясамлівае сябе з Беларуссю.
Бывае, чалавек больш жыве ў Беларусі, чым у Польшчы. Ён нарадзіўся ў Польшчы, але ўсё жыццё, сваё служэнне звязаў з Беларуссю.
Пры гэтым рэпрэсіі ўзмацняюцца да такой ступені, што людзі не даюць пра іх інфармацыю, стараюцца яе схаваць.
То-бок псіхалагічны стан арганізацый, супольнасцяў і асобных людзей унутры Беларусі настолькі жахлівы, што ім хацелася б заплюшчыць вочы і проста прачнуцца назаўтра ў новай Беларусі.
Бо яны разумеюць, што нічога зрабіць немагчыма. Можна лямантаваць, можна прасіць Ватыкан, Злучаныя Штаты Амерыкі, урад Польшчы, можна прасіць каго заўгодна, але ніхто нічога зрабіць зараз не можа.
Усе гэта разумеюць і таму проста закрываюцца і думаюць, раптам мяне пранясе. Але няма каму скардзіцца на сёння.
Читайте еще
Избранное