Вольскі: «Людзі любяць памыляцца. І робяць гэта з ахвотай».

Чаму людзі зноў і зноў вераць махлярам, падманшчыкам і палітыкам, якія крывадушна абяцаюць лепшую будучыню?

Чаму, нават разумеючы, што нешта тут нячыста, яны ўсё роўна прымаюць памылковыя рашэнні? Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, як людзі прымушаюць сябе паверыць у тое, што ім хочацца, і да чаго гэта прыводзіць.

Лявон Вольскі 

Людзі любяць памыляцца

Людзі памыляюцца. Людзі вельмі часта памыляюцца. Мала таго, людзі любяць памыляцца. Яны разумеюць, што нешта тут ня тое, але ўсё адно пераводзяць махлярам апошнія грошы.

Жанчыны слухаюць абяцаньні каханка: «Дарагая, я кахаю толькі цябе, я хутка кіну сваю абрыдлую сям’ю, дай мне толькі трошкі часу!». І гэтае «трошкі» расьцягваецца на гады, ператвараецца ў бясконцасьць.

Яна потым упікае: «А я ж яму паверыла!». Не. Не паверыла. У глыбіні душы яна разумела, што ўсё будзе вось так — як яно цяпер ёсьць, але... Прымусіла сябе паверыць. Угаварыла сябе.

Ці то зьнянацку зьявіўся ў цябе сябар. Новы. Вы зь ім і ў кавярні пасядзелі, і ў іншы горад зьезьдзілі. Быццам бы добры чалавек. І вось неяк ён гаворыць: «Слухай, дружа, у мяне тут безвыйсьцёвая сытуацыя, ці ня мог бы ты пазычыць мне пэўную (ня надта вялікую, ня вельмі малую) суму? А я табе праз два тыдні аддам».

І ты па розных няўлоўных рэчах — па ягонай міміцы, па галасавой інтанацыі, па вачах — разумееш, што пазычаць нічога ня трэба. Ня будзе ў цябе ні сябра, ні грошай. Але пазычаеш. Прымушаеш сябе паверыць яму. Угаворваеш.

Галасуюць, а пасьля шкадуюць

Так і з палітыкамі. Ну, відаць няўзброеным вокам, што гэта кепскі, крывадушны, несумленны чалавек. Пра гэта говорыць (крычыць!) усё ў ім — ад манэры апранацца да мімікі (гэтыя прымружаныя вочы, што шукаюць ворагаў і гатовыя выкрыць любую антыўрадавую змову (хай нават яе й няма!), гэтыя сувора ссунутыя бровы (народ любіць суворых, але справядлівых кіраўнікоў, таму — трэба мець пагрозьлівы выгляд), гэтыя сьцятыя вусны, якія, калі неабходна, расьцягваюцца ва ўсьмешку — калі ён адпускае дзяжурны нясьмешны жарт. Нясьмешны, але ўсе паслухмяна сьмяюцца). Ну, гэта ж усё навідавоку!

Нешта я цягам доўгіх гадоў ня бачу на арэне палітыка, які б гаварыў разумныя лягічныя рэчы, сымпатычна выглядаў, у добрым сэнсе прыцягваў увагу, але падступна выношваў зламысныя пляны (узурпацыя ўлады, дыктатура, таталітарызм, рэпрэсіі і г. д.). Так бы мовіць, «воўк у авечай шкуры». Не.

Можа быць, у спракаветныя макіявэлеўскія часы і былі такія, але цяпер нешта не сустракаюцца. Цяпер усё проста — дастаткова на яго паглядзець, паслухаць яго, і ўсё будзе ясна. Ён будзе несьці лухту і бліскаць драпежным вагнём неразумных вачэй.

Але народ усё адно ўпарта пераконвае сябе: трэба за яго прагаласаваць, а раптам ён нас усё ж-такі выведзе з гэтага зацяглага тупіку? Вунь, ягоныя супернікі дык зусім абы-што! Лепей ужо за яго, чымсьці за іх!

У глыбіні душы гэтыя людзі разумеюць, што памыляюцца. Адчуваюць, што ня маюць рацыі. Але прымушаюць сябе паверыць. Угаворваюць сябе.

Вынікі зазвычай вельмі сумныя. Апроч купкі фанатыкаў, усе незадаволеныя. У кагосьці накрыўся бізнэс, кагосьці пасадзілі, кагосьці кінулі ў мясарэзку вайны, хтосьці мусіў уцякаць з краіны...

І потым людзі будуць казаць: «Ну, як так здарылася, я ж бачыла, што гэта за чалавек, у яго ж на твары ўсё напісана, а ўсё роўна прагаласавала за яго! Як так?».

Некалі інтэлектуалы казалі: «Беларускаму народу ў 1994-м яшчэ нельга было галасаваць. Ён быў не гатовы да выбараў. Не дарос да электаральнае кампаніі. Занадта мала часу прайшло пасьля саўка». І вось мы бачым, як іншыя народы, якія ніколі не былі ў саўку, дружна галасуюць за сумнеўных пэрсанажаў, у якіх «усё на твары напісана»...

Кожны раз людзі наступаюць на адны і тыя ж граблі

Людзям уласьціва памыляцца. Яны памыляюцца з ахвотай, калі не з асалодаю. «Ён уцерся мне ў давер і адціснуў бізнэс. А я яму верыў».

Ды што ты гаворыш?! Ты з самага пачатку сьмяяўся зь яго — які ён сквапны, прагны, драпежны... Называў яго «хітрым дурнем». А калі ён прапанаваў табе партнэрства па бізнэсе, чамусьці пагадзіўся. «Ну, я думаў, ён такі прабіўны, нахрапісты, выведзе нас на новы ўзровень. А цяпер я ўжо не пры справах, во як атрымалася»...

Калісьці гуманістычны, рамантычны, адукаваны эўрапейскі народ абраў сабе новага правадыра. Правадыр гэты і выглядаў дзіўнавата, і прамаўляў парадаксальныя рэчы. Але народ (я паўтаруся, адукаваны, з багатай гісторыяй, уплывовай літаратурай і важкай музычнай спадчынай) вырашыў: «А раптам ён нас выведзе з гэтага глыбокага крызысу? А раптам «былая веліч» — гэта не пустыя словы?

Выбралі — і працягвалі хадзіць на працу, плаціць падаткі, гуляць у казіно, піць піва і слухаць навінкі айчыннае эстрады. І раптам (ну, не зусім раптам, гэтага варта было чакаць) краіна захісталася і абрынулася ў пыл. І людзі апынуліся сярод руінаў, і ўсё, што ім засталося — гэта наракаць: «А мы яму верылі. А ён падмануў нас».

Насамрэч верылі адно недальнабачныя неразумныя фанатыкі. А вы сумняваліся, але зрабілі стаўку, як у казіно — а раптам выйграю?

Але заўсёды выйграе казіно.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)