Вячорка: «Калі запосціць мем «Беларусь — не Расея», то лайкаць яго будуць таксама і лукашысты»

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай — пра працэсы, якія запусціў 2020 год і якія нельга спыніць.

— 2020 год стаў вяхой, каталізатарам нацыябудаўнічых працэсаў, — выказаў меркаванне Франак Вячорка на Еўрарадыё. — Ясна, што ён абвастрыў гэтыя пачуцці сярод актыву, сярод тых, хто і так схіляўся альбо жыў у беларускім нацыянальным полі. Але ён прыцягнуў і многа новых людзей.

Трэба разумець, што ўсё грамадства не будзе аднолькава палітызаванае і свядомае, але тады да пратэстаў сапраўды далучыліся так званыя нейтралы, якія звычайна сядзяць ціха, маўляў, мая хата з краю.

Франак Вячорка

Гэта адбылося, таму што тое была цэнтральная мэйнстрымавая лінія. Усім хацелася быць часткай гэтага працэсу, як мінімум таму што ты заўжды хочаш быць у мэйнстрыме, а па-другое, таму што гэта прыгожа.

Гэта крута — быць у працэсе, гістарычным моманце, калі нешта адбываецца з тваёй краінай, з тваім народам.

І гэта яўна быў не фінал, гэта вяха, паварот, этап. І ён вельмі значна паскорыў многія рэчы ў плане нацыянальнай свядомасці.

Але калі 2020 год зарадзіў уздым, то 2022-гі паказаў, што не ўсё так беспаваротна. Вайна са сваёй сілай, жорсткасцю, смярцямі вельмі моцна прытушыла той пазітыўны пажар.

Таму зараз гэты нацыянальны працэс прытушаны страхам за жыццё, страхам перад вайной. Калі ў украінцаў вайна распаліла нацыянальную свядомасць і адзінства, то ў нас яна запаволіла, прытушыла. І зараз людзі ўключылі рэжым выжывання.

Між тым, на думку палітыка, менавіта 2020 год запусціў і працэс адмежавання беларусаў ад Расеі.

— Мы фармуемся як нацыя, а ўсе геапалітычныя пературбацыі паскараюць працэс. Многія беларусы адчулі сябе беларусамі менавіта пасля пратэстаў, некаторыя нават у эміграцыі.

Многія, выехаўшы з Беларусі, пачынаюць размаўляць па-беларуску, цікавіцца гісторыяй, чытаць кнігі. Хаця калі яны жылі ў Беларусі, ім было камфортна ў гэтым саветызаваным расейскім асяроддзі, з расейскімі поп-зоркамі.

Але рэпрэсіі прымусілі грамадства змабілізавацца і знайсці тое, што яго яднае. Гэта доўгі працэс. Мы бачым, што ва Украіне вайна, балючая, страшная, вераломная, вельмі моцна аб'яднала ўкраінскую нацыю. Украінцы пайшлі нашмат далей, чым беларусы. Але мы таксама ў працэсе.

Упэўнены, што нельга загнаць назад у бутэльку таго джына свабоды, еўрапейскай Беларусі, якога выпусцілі ў 2020 годзе.

Наша задача — проста ператварыць яго ў нешта больш канкрэтнае, што можна памацаць. Каб у гэтага новага беларускага грамадства аформілася свая дзяржава. Таму што цяперашняя дзяржава Беларусь з гэтым грамадствам разарвала ўсе сувязі.

І ўсё ж ніводнага беларуса, нават расейскамоўнага, нават дзяржаўнага службоўцу, зараз ты не пераканаеш ваяваць за Расею як за сваю радзіму. Ніхто цяпер не скажа, што Масква — наша сталіца. Цяпер гэта немагчыма.

Ідэнтычнасць у беларусаў ужо змацавалася. Ведаеце, што аб'ядноўвае прыхільнікаў дэмакратычных змен і тую групу, якая падтрымлівае Лукашэнку?

Гэта ідэя, што мы не рускія. З гэтым згодныя ўсе, пад гэтым падпісваюцца ўсе. І калі запосціць мем «Беларусь — не Расея», то лайкаць яго будуць таксама і лукашысты.

Так, у іх ідэя Беларусі скажоная, умоўная, савецкая, чырвона-зялёная. Але яна ўсё роўна не расейская. Думаю, больш беларусаў ужо не пераканаеш, што яны рускія.

Але аслабіць пачуццё ідэнтычнасці, прымусіць сумнявацца пры дапамозе масавай прапаганды, ваеннай, палітычнай, савецка-расейскай, могуць.

І тое, што адбываецца цягам апошніх двух гадоў, расейскі ўплыў у выглядзе школ, ваенных атрадаў, клубаў, помнікаў Неўскаму, — гэта ўсё спробы размыць, аслабіць, прымусіць беларусаў сумнявацца ў тым, што яны сфармаваная нацыя, — кажа Вячорка.

Ён разважае аб тым, з якой нацыяй можна параўнаць беларускі менталітэт.

— Мы, беларусы, можа і не носім шашку, як украінцы, але мы дакладна заўжды носім фігу ў кішэні. У нас ёсць разуменне, што мы ўсё-такі не змірыліся. Мы дастасоўваемся да розных сітуацый, часовых акупацый, але фіга застаецца фігай.

І потым, калі трэба, мы гэтую фігу пакажам. А калі трэба, і шашку знойдзем.

Але мы не такія, як украінцы, і не станем такімі гарачымі, як, напрыклад, балканцы. Можа, не варта спадзявацца, што беларусы імпульсіўна кінуцца ў бой. Але кажуць пра беларусаў-партызанаў. У нас ёсць такая рыса: умеем нечакана паказаць сюрпрыз.

Мы больш падобныя на паўночныя краіны, якія таксама дастасоўваліся, таксама выжывалі, але пры гэтым не гублялі ні сваёй ідэнтычнасці, ні каштоўнасцяў, ні гістарычных сувязяў, — кажа Вячорка.

Што тычыцца будучыні, то ён схіляецца больш да пазітыўных перспектыў, якія чакаюць нашу краіну.

— Думаю, зараз канкуруюць дзве візіі Беларусі. Тая, якую навязаў Лукашэнка, то-бок буферная зона паміж Расеяй і Захадам, па якой праязджаюць расейскія танкі, лётаюць расейскія дроны, якая стала пасобнікам у самай кровапралітнай вайне пасля Другой сусветнай у Еўропе.

І другая Беларусь, якая пабітая, але і рамантычная, якая працягвае змагацца.

І частка свету бачыць Беларусь менавіта праз тую лукашэнкаўскую прызму, вось гэтыя танкі і савецкасць. А частка памятае з 2020 года.

І наша задача, каб тая Беларусь 2020 года, прыгожая, рамантычная і ўпэўненая ў сабе, аб'яднаная адзіным парывам, перамагла.

І хоць зараз гэтыя дзве рэалізацыі беларускай будучыні канкуруюць паміж сабой, я веру ў тое, што пераможа Беларусь 2020 года.

І пасля зменаў гэта будзе краіна магчымасцяў, куды павернецца шмат талентаў, прыйдуць інвестыцыі. Гэта будзе новы рынак для міжнароднай эканомікі. Для спецыялістаў, якія зараз за мяжой, будзе магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял.

Усё роўна ў многіх краінах як бы ты ні хацеў, не кожны зможа стаць сваім. Можа, гэта яшчэ магчыма ў Польшчы праз блізкія гістарычныя ды культурныя сувязі, моўнае падабенства. Але ў іншых краінах ты ўсё роўна будзеш эмігрантам.

А ў Беларусі зможаш быць сваім. Гэта цяжкі доўгі працэс, але ты будзеш свой, таму што гэта твая краіна. Мне здаецца, разуменне гэтага прыцягне нашых людзей вярнуцца. А задачай новай беларускай дзяржавы будзе стварыць стымулы для людзей, каб яны павярталіся, — мяркуе Вячорка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(7)