История

Андрэй Кныш

Як Беларусь не стала «чырвонай Даніяй»

«Салiдарнасць» прыгадвае пра Дзмітрыя Прышчэпава, наркама земляробства ў БССР. І пры чым тут рэпрэсіі ў дачыненні да аграрнікаў.

— Наша стратэгічная мэта — стварыць высокатэхналагічны, прыбытковы аграрны сектар, — заявіў на нарадзе па развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны Аляксандр Лукашэнка. І на той жа нарадзе прыгразіў кіраўнікам абласцей жорсткімі рэпрэсіямі за невыкананне даведзеных на гэты год заданняў.

Фота з вокладкі кнігі Алеся Бараноўскага «Дзмітрый Прышчэпаў: старонкі жыцця»

Гэтыя заявы — добрая нагода прыгадаць Дзмітрыя Прышчэпава, наркама земляробства ў БССР, аўтара ідэі ператварыць Беларусь у «чырвоную Данію».

Ён, калі казаць сучаснай мовай, таксама марыў пра высокатэхналагічны, прыбытковы аграрны сектар. І на шляху да гэтай мары трапіў пад жорсткія рэспрэсіі 1930-х.

Прышчэпаў стаў наркамам земляробства (па сённяшніх мерках — міністрам сельскай гаспадаркі — С.) у 28 год. Ён не меў ні вышэйшай, ні профільнай адукацыі. Але добра ведаў сялянскую псіхалогію.

Гэта былі гады так званай новай эканамічнай палітыкі, час адноснай свабоды. Гэтым і скарысталіся тагачасныя кіраўнікі БССР. Ідэя Прышчэпава палягала ў тым, каб даць селяніну поўную свабоду выбару формаў землякарыстання. Што, дарэчы, прадугледжвала заканадаўства тых часоў.

На выбар прапаноўвалася гаспадаранне на хутарах, аб’яднанне ў сельгасы, камуны. Улады бачылі будучыню за абагульненнем сельскай гаспадаркі шляхам кааперацыі земляробаў.

Распрацаваны Народным камісарыятам земляробства Перспектыўны план развіцця лясной і сельскай гаспадаркі БССР на 1925-1929 гады прадугледжваў негвалтоўнае перасяленне на хутары i ў дробныя пасёлкі больш за 130 000 сялянскіх гаспадарак. Ужо ў 1925-м чвэрць усіх сялянскіх гаспадарак краіны знаходзілася на хутарах.

Новую аграрную палітыку прынята звязваць з імём наркама земляробства, пазней ёй далі назву «Прышчэпаўшчына». Але, натуральна, адзін чалавек, нават такі апантаны, як Прышчэпаў, не мог пацягнуць на сабе ўсё.

Над пяцігадовым планам, які прадугледжваў эвалюцыйнае, а не экстэнсіўнае развіццё аграрнай галіны, працавалі эканамісты Ян Кіслякоў, Аркадзь Смоліч, Гаўрыла Гарэцкі ды іншыя.

Большасць з іх была паслядоўнікамі Беларускай арганізацыйна-вытворчай школы. Яны лічылі, што узровень вытворчасці і яе эфектыўнасць залежаць найперш ад яе арганізацыі. Калі коратка: добра арганізаванай гаспадарцы не перашкодзіць ні клімат, ні слабая ўрадлівасць глебы, ні менатлітэт гаспадара. 

І, канечне, нельга не згадаць Аляксандра Чарвякова, тагачаснага кіраўніка Беларусі, з ягоным лозунгам: «Багацей, селянін! Дабывай больш багацця, і чым больш ты будзеш багаты, тым больш багатай будзе наша Савецкая рабоча-сялянская дзяржава!».

Чарвякоў да апошняга спрыяў Прышчэпаву ў ягоным памкненні ператварыць Беларусь ва ўсходнюю Данію.

Дарэчы, каб атрымаць неабходны досвед, Прышчэпаў выправіўся ў Данію. Ён быў перакананы, што гэтая скандынаўская краіна мела падобныя да беларускіх умовы гаспадарання.

Зрэшты, па вяртанні дамоў савецкі чыноўнік скарэкатваў свае погляды:

— Мне цяпер здаецца, што нам у селськагаспадарчым будаўніцтве нельга даваць такі лозунг, што Беларусь павінна стаць Даніяй. Такі лозунг для нас з’яўляецца рэакцыйным. Культуру і тэхніку сельскай гаспадаркі Даніі нам трэба і карысна пераняць. А ў іншым гэта краіна чорнай, дробнабуржуазнай ідэалогіі, рэлігійнай містыкі, каралеўскіх традыцый.

Цікавы факт: аграрны досвед Расіі Прышчэпаў лічыў непрымальным для Беларусі. Вось як ён пра гэта выказваўся:

— Калі мы ў нас правядзём абшчынны парадак землекарыстання, мы адразу прыдушым гаспадарчую ініцыятыву сялянства. А зараз гэтая ініцыятыва дазваляе вельмі хутка ажыццяўляць перабудову сельскай гаспадаркі. Прыклад некаторых губерняў РСФСР сведчыць пра тое, што яны доўгі час прасядзелі на абшчыне і акрамя перадзелаў зямлі нічому новаму не навучыліся.

Вось ягоны рэцэпт поспеху:

— Дробна-буржуазную вёску і адпаведны настрой сялянства мы ліквідуем не абшчынным перадзелам зямель, а моцным развіццём сельскай гаспадаркі, яе пагалоўным вытворчым каапераваннем і індустрыялізацыяй.

Гэтымі думкамі наркамзем падзяліўся ва ўрадавай «Звяздзе» ў 1927-м. Восенню таго ж года савецкія ўлады абвесцілі курс на татальную калектывізацыю вёскі. Фармальнай нагодай стаў зрыў планаў па хлебанарыхтоўцы.

Не справілася з заданнем і Беларусь, хоць праз дзесяцігоддзі гісторыкі адзначаць, што планы для яе былі значна перавышаныя. Тым не менш, над ідэолагам новай аграрнай палітыкі пачалі збірацца хмары.

У 1929-м яго пазбавілі пасады, выключылі з партыі. У савецкай прэсе ўсё часцей згадвалася «прышчэпаўшчына» — у падкрэслена негатыўным сэнсе.

Былога наркамзема вінавацілі ў прымусовай хутарызацыі, патуранні так званым кулакам. А саму ідэю перанесці дацкі досвед на беларускую глебу абвесцілі ледзь не вяртаннем капіталістычных парадкаў у савецкую вёску.

У 1930-м Прышчэпава арыштавалі па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». У следчай турме ён спрабаваў накласці на сябе рукі, але яго выратавалі. Сталінскі суд адмерыў яму 10 год лагераў.

Прышчэпава вызвалілі ў 1937-м, каб праз некалькі месяцаў арыштаваць ізноў. У 1939-м яго прысудзілі да расстрэла, але памерці яму выпала ў турэмнай бальніцы — па афіцыйнай версіі, з-за параліча сэрца. Яму было 43 гады.

Зрэшты, мала хто з аўтараў амбіцыйнай аграрнай палітыкі Савецкай Беларусі перажыў жахлівыя 1930-я. Аляксандр Чарвякоў застрэліўся ў сваім працоўным кабінеце ў чэрвені 1937-га пасля «расстрэльных» абвінавачванняў у свой адрас на чарговым з’ездзе кампартыі Беларусі. 

А найбольш пацярпела беларускае сялянства. Дзякуючы аграрнай палітыцы Прышчэпава вёска стала заможнай, што ва ўмовах масавай калектывізацыі і раскулачвання мела для яе катастрафічныя наступствы на дзесяцігоддзі наперад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(11)