Цяжкія навіны пра мужа расказала ягоная жонка, Наста Дашкевіч.
— Зміцер прабыў у Жодзіне паўгода ў бетоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Цяпер яго перавялі зноў у Навасады, — напісала Наста ў сацсетках. — Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Цяпер ён зноў у ШЫЗА, дзе скардзіцца на дзікі холад.
Кажа, што яму прыходзіцца па 8 разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сагрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасля адбою. Я не магу зразумець, чаму проста зняволення не дастаткова? Чаму ён не можа адбыць свой тэрмін і вярнуцца дамоў да сваіх дзяцей? Да сваёй працы і сваёй сям’і?
Нагадаем, што Змітра Дашкевіча затрымалі ў красавіку 2022-га. Разам з жонкай Настай яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020-га. У ліпені таго ж года Змітра асудзілі на 1,5 года калоніі, Насту — на 3 гады «хатняй хіміі».
Праз год, у ліпені 2023-га, Зміцер на волю не выйшаў. Яго пакінулі за кратамі нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. У кастрычніку яму дадалі год строгага рэжыму.
Падтрымаць Змітра: ПК № 14. 222125, Мінская вобл., Барысаўскі раён, с. н. п. Навасады, вул. Міру, 1А. Напісаць анлайн.