Общество

«Адзін з тых, на каго абапіраецца наша Беларусь»

У дзень яго нараджэння Budzma.org узгадвае пра ўнёсак Міраслава ў беларускую культуру і нацыянальны рух.

Міраслаў Лазоўскі. Фота: Новы час

10 ліпеня магло б споўніцца 53 гады Міраславу Лазоўскаму — беларускаму патрыёту, грамадскаму дзеячу, актыўнаму ўдзельніку грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», кнігавыдаўцу, аднаму з заснавальнікаў і лідараў «Белага легіёну», камандзіру падраздзялення батальёна «Волат» Палка Каліноўскага. Для яго Беларусь заўсёды была на першым месцы.

16 траўня 2023 года ён загінуў у баі пад украінскім Бахмутам. Міраслаў кіраваў эвакуацыяй параненых байцоў, прыкрываў іх, выносіў зброю. Вядома, што ён ішоў апошнім у групе і зусім крыху не дайшоў да камандна-назіральнага пункта.

Папяровая армія дакладна прамаляваных салдацікаў часоў Антычнасці, што рабілі Міраслаў Лазоўскі з сябрам у дзяцінстве. Фота: Новы час

Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 годзе ў Мінску. Маці паходзіла са Случчыны, з вёскі Пагост, бацька — з-пад Магілёва, з вёскі Гаі.

З дзяцінства цікавіўся гісторыяй Беларусі і сусветнай гісторыяй, у прыватнасці вайсковай, захапляўся напалеонікай. Меў мастацкія таленты, маляваў, адліваў фігуркі з волава на гістарычную тэматыку.

Пазней афармляў карыкатуры і шаржы для газеты «Свабода», аднаго з галоўных беларускіх недзяржаўных выданняў у 1990-х гг., з юнацтва актыўна ўдзельнічаў у нацыянальна-дэмакратычным руху.

У 1995-м скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (зараз: БНТУ), факультэт робатаў і рабатызаваных сістэмаў па спецыяльнасці інжынер-рабататэхнік.

Пасля завяршэння вучобы працаваў інжынерам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, менеджарам на будоўлі, адначасова актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны.

Грамадска-палітычная дзейнасць і погляды

Будучы студэнтам, у 1995-м далучыўся да «Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў», а неўзабаве — стаў адным з заснавальнікаў «Белага легіёну», які ўтварыўся з маладзейшай часткі «БЗВ» пасля яго распаду. Дзякуючы асабістым якасцям хутка здабыў аўтарытэт сярод яе сяброў і стаў адным з лідараў арганізацыі.

Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці «Белага легіёну»: займаўся вайскова-патрыятычным выхаваннем моладзі, рэкрутынгам новых чальцоў, арганізоўваў асветныя семінары і лекцыі.

Арганізоўваў дапамогу Інстытуту гісторыi НАН Беларусі пры правядзенні археалагічных раскопак; забеспячэннем парадку на мерапрыемствах апазіцыі (у тым ліку, падзеях Вясны-96, арганізацыяй і правядзеннем спартова-патрыятычных летнікаў, удзельнічаў у супрацьстаянні беларускаму аддзяленню РНЕ.

Асабіста адзначыўся падчас Марша Свабоды-1999, займаючыся арганізацыяй бяспекі ўдзельнікаў мерапрыемства. Быў затрыманы і моцна збіты супрацоўнікамі АМАП, атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

У 2000-м Міраслаў быў першым адміністрацыйна асуджаным на штраф паводле артыкулу 167.10 КаАП Беларусі («Дзейнасць ад імя незарэгістраваных ці не перарэгістраваных палітычных партыяў, прафесійных саюзаў ці іншых грамадскіх аб’яднанняў»).

Ад пачатку 2000-х ён адышоў ад актыўнага удзелу ў грамадска-палітычнай дзейнасці і заняўся патрыятычнай асветнай працай.

З 2000-га быў актыўным сябрам Міжнароднага грамадскага аб’яднання Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», з 2008-га — актыўным удзельнікам грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

З 2012-га Міраслаў з’яўляўся супрацоўнікам кніжнага выдавецтва «Беларускі кнігазбор» (пазней — ПУП «Кнігазбор»).

Меў сур’ёзныя веды па вайсковай гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага, бескаштоўна кансультаваў гісторыкаў і музейных экспертаў (у тым ліку з Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі) адносна выставаў і асобных прадметаў.

За свае грошы набываў гістарычныя артэфакты і перадаваў іх у музеі. Быў перакананы, што падобныя рэліквіі маюць належаць усёй нацыі, выхоўваць і фармаваць яе.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006-га ўваходзіў у склад каманды кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, быў асабістым ахоўнікам Ніны Шыдлоўскай, тагачаснай прэс-сакратаркі кандыдата.

У 2008-м разам з іншымі былымі чальцамі «Белага легіёну» быў затрыманы па падазрэнні ў датычнасці да выбуху 4 ліпеня на Дзень незалежнасці. Пасля некалькіх содняў на Акрэсціна яго адпусцілі.

Ад пачатку 2000-х гг. у існых рэаліях РБ з’яўляўся прыхільнікам ідэй арганічнай і паступовай нацыятворчай працы шляхам падтрымкі культурных і выхаваўчых ініцыятыў замест адкрытага супрацьстаяння з існай сістэмай.

Міраслаў Лазоўскі на вайне

Лічыў эвалюцыйны шлях найбольш эфектыўным для развіцця грамадства ў нацыянальна-дэмакратычным кірунку. Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай для яго была была рэалізацыя права беларускага народа на свабоднае развіццё і рэалізацыю ў сваёй уласнай нацыянальнай дзяржаве. Бачыў непасрэдную пагрозу развіцця беларускай нацыі і дзяржавы ў імперыялістычных дзеяннях Расіі і яе пятай калоны ўнутры Беларусі, што асабліва стала бачна пасля пачатку вайны на Данбасе ў 2014-м.

«Справа патрыётаў»

21 сакавіка 2017-га Міраслаў быў брутальна затрыманы супрацоўнікамі КДБ па абвінавачанні ў крымінальнай справе паводле артыкулаў 293 ч. 3 і 287 КК РБ, якая адразу атрымала назву «Справы патрыётаў».

Следствам Міраславу адводзілася роля аднога з лідараў «злачыннай групоўкі», і таму на яго аказваўся асаблівы ціск: ад маральнага (падкідванне зброі ў багажнік аўто больш чым за суткі пасля затрымання, недапушчэнне адваката) і фізічнага (моцнае збіццё пры затрыманні) да магчымага ўздзеяння псіхатропных рэчываў.

«Справа патрыётаў» успрымалася грамадствам як сфабрыкаваная ад пачатку і да канца, як спроба сілавікоў запалохаць і суцішыць сацыяльныя пратэсты. Прыёмы дзяржпрапаганды: афіцыйныя СМІ грэбавалі прэзумпцыяй невінаватасці, здзяйснялі відэамантаж кадраў акцый пратэсту ў 1990-х, падчас Плошчы 2006 і 2010 гадоў, з мітынгамі нацыстаў у 1940-х гг.

У 2017-м беларускія сілавікі ўпершыню спрабавалі сфабрыкаваць палітычную справу не на сацыяльнай ці эканамічнай, а на ваеннай аснове.

Артыкул аб узброеных вайсковых фарміраваннях, які быў інкрымінаваны 16-ці асобам, у тым ліку Міраславу Лазоўскаму, упершыню прымяняўся ў судовай практыцы Беларусі.

Улады спрабавалі зрабіць гэтую справу паказальным працэсам для застрашвання не толькі грамадства, але і сілавых структураў.

Беларускія правабаронцы распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой быў адзначаны палітычна матываваны характар пераследу фігурантаў справы. Праз адсутнасць доказаў і шырокі грамадскі розгалас справа была спыненая.

Дзейнасць пасля 2017 года

Пасля выхаду з СІЗА Міраслаў працягваў займацца кнігавыдавецкай дзейнасцю і адукацыйнымі мерапрыемствамі, сярод якіх — гістарычная рэканструкцыя шляхты ВКЛ з пастаноўкай ролевых тэатралізаваных прэзентацый для дзяцей.

Працягваў сваю дзейнасць як сябра Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»: удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Сёмага з’езда беларусаў свету (таксама ўваходзіў у працоўныя групы па падрыхтоўцы такіх З’ездаў у 2005, 2009, 2013 гадах); падрыхтоўцы Сёмага (як і двух папярэдніх) фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі Ad.nak; арганізоўваў дзейнасць па ўсёй краіне сеткі альтэрнатыўнага кнігараспаўсюду, якая дапамагала даносіць да шырокай аўдыторыі кнігі аўтараў, чые творы ўлада забараняла для прасоўвання праз дзяржаўныя структуры кнігагандлю; арганізоўваў літаратурныя выступы і кніжныя прэзентацыі, у тым ліку творцаў, якія ўладамі былі занесеныя ў «чорны спіс».

«Волат, які трымае беларускае неба над намі»

Кіраўніца ЗБС «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская згадвае Міраслава: «Мы з Мірыкам пазнаёміліся ў 2000 годзе, калі я прыйшла на працу ў «Бацькаўшчыну» і Мірык стаў з’яўляцца ў нашым офісе часцей. Мы працавалі з Мірыкам, ён браў удзел у распаўсюдзе кніг, выдавецкай дзейнасці, у мерапрыемствах кампаніі «Будзьма беларусамі!», займаўся арганізацыі аховы з’ездаў.

Мне таксама цяжка змірыцца, што Мірыка няма. Выдатнае пачуццё гумару, вельмі эрудзіраваны, начытаны, у яго прысутнічала і іронія, і самаіронія, дапытлівы розум, крытычнае мысленне — гэта ўсё рабіла гутаркі і дыскусіі з ім вельмі цікавымі.

Алена Макоўская. Фота: Стах Войтаў

Іх было шмат, бо шмат было і працоўных вандровак — па Беларусі і па замежжы. І гэта былі часам гарачыя дыскусіі. Але самымі захапляльнымі для мяне, напэўна, былі ягоныя аповеды пра гісторыю Беларусі.

Гэта было і з гумарам, гэта было і сур’ёзна — ты нібыта пагружаўся ў гэты час, бачыў гэтых людзей, Мірык заўсёды мог падаць гэтыя гістарычныя падзеі з нейкага такога незвычайнага ракурсу, што да гэтага і падумаць не магла, што наша гісторыя можа быць такой захапляльнай, такой цікавай.

Яшчэ ён быў вельмі надзейным, на яго можна было разлічваць у самыя цяжкія моманты. Пра такіх людзей кажуць: соль зямлі. З ім можна было смела ісці, прыкладам, у грыбы — і губляцца там смела, бо Мірык заўжды знойдзе і выведзе.

Ён умеў сябраваць і гуртаваць вакол сябе людзей, у яго было вельмі шмат сяброў, якія любілі і паважалі яго. Я памятаю, калі мы ехалі на пахаванне Каліноўскага ў 2019-м у Вільню, то не бралі з сабой сцягі — не выключалі ператрусаў на мяжы.

І тут ужо, у Вільні, Мірык выдаў нам сцягі і нават дрэўкі аднекуль — і не толькі нам. І калі мы ўжо смела пайшлі і далучыліся да гэтага ўрачыстага шэсця, то процьма людзей аклікала яго: «Мірык, хадзі да нас!», «Мірык, пабудзь з намі!» — было адчуванне, што яго ўсе ведаюць».

Алена Макоўская называе Міраслава Лазоўскага «чалавекам нязломным, бо нягледзячы на ўсе пакуты, на ўвесь той ціск, які ён зазнаў і цярпеў, на ўсе гэтыя арышты і затрыманні, ён працягваў працаваць дзеля Беларусі».

«Я вельмі шкадую, што ўвесь ягоны патэнцыял не мог быць — як і шмат каго з нашага пакалення — зрэалізаваны ў Беларусі і ў тыя часы, і тым больш у сённяшняй. Але што мог — ён рабіў, яго жыццё было сапраўдным служэннем. Дзе б ён ні працаваў, што б ён ні рабіў — шмат сіл, часу ён аддаваў сваёй краіне, яе светлай і незалежнай будучыні.

І тое, што ён пасля выбраў Украіну і вырашыў тым самым змагацца за Беларусь — гэта лагічнае, паслядоўнае рашэнне яго жыцця. І ягоная смерць падчас ратавання таварышаў — гэта таксама тое, што гаворыць, кім быў па сутнасці Мірык. Нашым героем, беларускім волатам, тым, хто зараз трымае вось гэта беларускае неба над намі», — сказала Алена Макоўская.

«Мірык натхняе і будзе яшчэ натхняць»

Старшыня Рады ЗБС «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская, былая жонка і паплечніца Міраслава: «Мне, відаць, пашанцавала найбольш — я вельмі добра ведаю Мірыка з 1995 года. Ізноў жа пашанцавала больш, чым каму — я яго ведала з розных бакоў.

Ніна Шыдлоўская. Фота: Стах Войтаў

Як чалавека эрудзіраванага, які энцыклапедычнымі ведамі рознага роду проста жангляваў — яго можна было сярод ночы падняць штосьці запытаць і пачуць адказ.

Ці, напрыклад, ён заснуў, расказваючы пра нешта, а прачнуўшыся — працягвае тэму. Я ведала яго як чалавека, ведала як дзеяча, ведала як аднаго з легіянераў. Нас Бог адарыў пачуццём, якое намнога большае, намнога больш каштоўнае і глыбокае, чым каханне, якое не знікае ні пры якіх варунках.

І якое дазваляла, спыніўшы асабістыя стасункі, працягваць глыбіню чалавечых стасункаў».

Ніна Шыдлоўская згадвае: «Мірык быў вельмі розны, вельмі розны ў розных сітуацыях, і з гумарам, і... Ой, як жа ён умеў злавацца! Ён рабіў шчыра і з глыбінёй душы ўсё. Абсалютна ўсё. (...) Спадзяюся, памяць дазволіць напісаць пра яго, пра шмат якія жыццёвыя сітуацыі... Без яго апусцеў свет — гэта слаба сказаць.

Параіцца — з Мірыкам, зверыць каардынаты — з Мірыкам, сарыентавацца, ці правільна ты інтэрпрэтуеш тую ці іншую падзею — гэта з Мірыкам. Гаворачы з ім, я сама пачынала лепш разумець падзеі, свет, людзей. У людзях — не памыліўся ніколі.

Мірык натхняе і будзе яшчэ натхняць на стварэнне твораў, на стварэнне фільмаў, артыкулаў і г.д. Спадчына ад яго будзе яшчэ прарастаць дзесяцігоддзі наперад і даваць нам гэты грунт, і для мяне і для многіх нашых сяброў зверку каардынат — ці правільным шляхам мы ідзем.

Гэта насамрэч адзін з тых, на каго абапіраецца наша Беларусь, да якой мы, спадзяюся, хутка дойдзем».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)