Андрэй Саўчанка: «Браць сябе за шкірку і спрабаваць адкрытымі вачыма глядзець на рэчаіснасць»

Пра падсвядомы пошук і пражыванне страт, сустрэчы з рэчаіснасцю і што з іх браць з сабой у далейшы шлях, «Салідарнасці» распавёў актор, рэжысёр і стваральнік праекту «Тутэйшы тэатр» Андрэй Саўчанка.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Калегі расказваюць пра Андрэя, як пра чалавека з добрым пачуццём гумару, вельмі глыбокага і мудрага. У мінулым годзе прыйсці на спектакль можна было без квітка праз расповед пра ўласную страту. А якая самая вялікая асабістая страта Андрэя?

— Гаворка пра монаперформанс «Страта», у якім героямі сталі рэальныя рэчы — носьбіты гісторый. Для мяне істотна не толькі распавесці свае наратывы, але і пачуць іншых.

Таму ў адзін з момантаў, запрашаючы гледачоў на спектакль, я прапанаваў ім распавесці пра свае страты, і некалькі адказаў прыйшло перад паказам. Усе аўтары атрымалі запрашэнні і на самім паказе кантакт з публікай набыў большую атмасферу даверу і адкрытасці.

Яшчэ адзін важны элемент спектакля, гэта іронія. Часам самаіронія. Я спрабую знайсці і даць повад усміхнуцца, не ператвараць расповед у «песні журбы і тугі», не заставацца рабом гэтых страт.

Я ствараў гэты спектакль дзеля таго, каб паспрабаваць іх перажыць, прад’явіць іх у моманце, з тым, каб прыняць іх і адпусціць. Вызваліць месца для новага ды ісці далей.

Фота: Кацярына Карпіцкая

Калі вы казалі мне кампліменты пра пачуццё гумару ды спыталі пра страты, я зразумеў, што самая мая вялікая страта  гэта згуба менавіта гэтага пачуцця гумару.

Мне зараз даволі складана жартаваць і ў мяне вялікі дэфіцыт на іронію, на тое каб трошкі ўсміхнуцца над сабой. І над лёсам, з якім спаткаюся асабіста я і шмат хто з нас.

Для мяне вельмі каштоўна, калі гэта атрымліваецца, калі побач людзі, адкрытыя, чуллівыя, здольныя смяяцца і смяшыць. Сустрэчы з імі дазваляюць адчуць палёгку, і тады прасьцей ісці далей, шукаць крыніцы, што будуць цябе напаўняць, натхняць. Зараз вельмі важна і мне, і ўсім, размаўляць пра пазітыў ды набыткі, пра тое, што варта браць з сабой у далейшы шлях.

— Страта пачуцця гумару, здаецца, неад’емная частка таго, што мы паглыбіліся ў штодзённыя навіны, у гэты жах. Вашы ж праекты таксама пра чалавечую шчырасць ды боль?

— Ведаеце, не пагаджуся. Так можна падумаць не паглыбляючыся, але мой пасыл — гэта шчырасць не толькі пра боль і неабавязкова пра боль. Хутчэй пра тое, як знайсці сябе ў моманце і падзяліцца пачуццямі, думкамі, марамі.

У мяне зараз памкненне адшукваць, фіксаваць, закладваць падмуркам не боль, а радасць, моманты шчасця, надзеі, святла. Не выкрэсліваючы боль, але і не робячы яе дамінантай ў нашым існаванні.

— Вы выштурхвалі сябе з негатыву нават на Акрэсціна і Валадарцы, калі прапанавалі хлопцам за кратамі трэнінг па акторскім і аратарскім майстэрстве. Гэта ж таксама пра разняволенне і пошук нечага добрага, нават у такім жаху?

— Так, зразумеў тады, што ў мяне ёсць цікавасць камунікаваць і дзяліцца. Нават у тых умовах хочацца знайсці прастору, якую ты можаш кантраляваць і напаўняць. Ды і ў людзей была ўнутраная патрэба прад’яўляць свае перажыванні.

З іншага боку я арганізаваў такі фармат, дзе людзі могуць без прымусу дзяліцца тым, чым ім хочацца. І гэта адчувалася ў паветры. Я трапіў у кола тых людзей, каго магу назваць сваімі. Таму гэта ўсё было даволі арганічна і іранічна. Нават без усмешкі і не ўзгадаеш.

Я вельмі лёгка тады выкараскаўся па мерках таго, як магло пайсці, адбыўшы 10 содняў. Людзі, якіх я сустракаў за кратамі, пакідалі такі цёплы, нават пяшчотны след узаемнай сімпатыі.

На гэтым і трымаецца, насамрэч, беларускасць. Калі людзі, не забываючы пра складаныя і нават жудасныя рэчы, могуць дзяліцца добрым і светлым.

Андрэй распавядае, што ў эміграцыі не вельмі лёгка беларусу змяніць ракурс і светапогляд, пачаць разумець іншых людзей і новыя ўмовы. Знайсці эфектыўную брую сваёй дзейнасці, адчуць, што ёсць фундамент. 

— Некаторыя, асабліва тыя, хто былі ў Беларусі за кратамі, час ад часу казалі, што ў эміграцыі нібыта таксама аказаліся за імі. Так, добрымі, утульнымі, але нібыта кратамі.

— Можа, мы падсвядома, шукаем гэтыя краты? Нават неяк прывязаныя да гэтых кратаў, якія, можа быць, нам неабходныя?

Альбо ў нас ёсць такая выпрацаваная звычка гадамі, пакаленнямі, што ў гэтых кратах для нас ёсць нейкая бяспека. І што без кратаў мы робімся абсалютна разгубленыя.

Таму не выключаю, што ёсць такое ў мяне, можа быць, у нас, — нейкае прыцягненне гэтых кратаў.

Бо калі краты ёсць, дык я магу іх нібыта памацаць ды супакоіцца. Што ад мяне, як звычайна, нічога не залежыць. І працягваць выжываць.

А гэтага, насамрэч, хочацца ўжо пазбягаць.

Хочацца ўжо паглядзець: што далей за гэтымі кратамі ёсць? Таму тут, можа, пытанне хутчэй пра ўнутраныя краты, якія мы сабе ўсталёўваем дзеля таго, каб апынуцца ў знаёмай нам сістэме каардынат.

Бо калі выцягваць сябе з яе, за яе — гэта як у адкрыты космас выходзіць, тут трэба нейкае іншае абсталяванне, новыя скілы, новая оптыка. А гэта складана.

Але я веру ў беларусаў, у тое, што мы можам самаадукоўвацца, дбаць пра ўласны духоўны і эмацыйны рост.

Быць больш асэнсаванымі і заматываванымі. Знаходзіць для сябе крыніцы гэтага падсілкавання. Я ва ўсялякім выпадку настройваю сябе так, і мне, па праўдзе кажучы, гэта вельмі складана даецца. Але я імкнуся.

Што дапамагае вам пазбаўляцца гэтых кратаў?

— Першае, што прыходзіцца рабіць амаль штодня, — гэта браць сябе за шкірку і спрабаваць адкрытымі вачыма глядзець на рэчаіснасць. Разумець, што адбываецца вакол цябе, спрабаваць адказаць на пытанне, што адбываецца ўнутры цябе. І знаходзіць гэтыя масты.

Ведаць, раскопваць — што я хачу насамрэч? Чым хачу займацца і чаму прысвячаць сваё жыццё? Далей разумець у якіх умовах я знаходжуся, і ці магу ў гэтых умовах здзяйсняць свае жаданні. Вось гэта фрагментацыя выцягвання сваёй існасці — гэта штодзённая руцінная праца, да якой мы не прызвычаеныя.

Усе механізмы, якія я назіраю, альбо пра тое, каб прыстасоўвацца да ўмоў, альбо аддаваць адказнасць за тое, як я жыву і чым займаюся, іншым людзям. Бо я баюся браць адказнасць за сябе і за тое, што вакол мяне.

Вось калі ў мяне атрымліваецца гэта рабіць, я станаўлюся больш радасным, больш дзейсным. Але адваротная цяга ўвесь час цягне цябе ў гэтыя страты, у пакуты і перажыванні. Экзістэнцыйная віна, якая вісіць на табе, што ты нібыта не спраўляешся. І вось разганяць праявы гэтай нібыта віны, як хмары па небу — гэта такая задачка з зорачкай.

Але варта ісці ў гэты бок і знаходзіць аднадумцаў, паплечнікаў, апанентаў, якія могуць дазваляць табе расці і з гэтай рэчаіснасцю сустракацца. А не завісаць у сваіх ілюзіях і фантазіях. 

Фота: Zmicer Waynowski

Ваш тэатральны праект «Інтэрв’ю. Шчырасць» нарадзіўся яшчэ ў Беларусі. Пісьменніца і рэжысёрка Юля Шатун, якая ў ім паўдзельнічала, распавяла нам пра дзівосны фармат, якога, здаецца, няма ні ў кога.

— Так, я не сустракаў, каб хтосьці рабіў гэта менавіта ў тэатральных прасторах. З цяплом узгадваю інтэрв’ю з Юліяй.

Мы зрабілі і паказалі на фестывалі Pradmova перформанс «Трамваі і масты» па цыкле вершаў паэта і перакладчыка Ігара Кулікова, які звязаны з Варшавай, Менскам ды іншымі гарадамі. А зараз у Ігара выйшла кніга «Падарожжа ў нетутэйшую далечыню», і гэта стала добрай нагодай і сустрэцца на інтэрв’ю, і паказаць перформанс.

Праект «Інтэрв’ю. Шчырасць» пабудаваны на размове, якая дазваляе расчуць чалавека, зазірнуць у ягоны сусвет. Усе нашы інтэрв’ю розныя, як і людзі.

У Менску у той час было больш засяроджання на вонкавых сітуацыях ды трыгерах. У Варшаве вонкавасць становіцца фонам, на якім разварочваюцца ўнутраныя працэсы чалавека. Тут можна заўважыць нейкую разгубленасць альбо, ў некаторым сэнсе, складанасць гэта намагніціць. У Менску адчувалася большая цэльнасць, узнёсласць, смеласць. А зараз,  падаецца, час для рэфлексій, асэнсавання, адчуваецца неабходнасць падрыхтаваць сябе да далейшай будучыні.

Людзі шукаюць гэта, спрабуюць з гэтым неяк абыходзіцца, кожны і кожная па-свойму. І гэта акурат цікава распакоўваць, мне падабаецца спрыяць гэтаму прад’яўленню.

У наступным годзе спаўняецца 10 год праекту «Тутэйшы тэатр», які стварыў і ўзначальвае Андрэй Саўчанка. Ён жартаўліва называе гэты праект фантомным.

— Мы то тут, то там. То мы ёсць, то нас амаль няма. Як пульсуючы фантом.

Зараз, дарэчы, даволі актыўная фаза, прыдумваецца шмат новых фарматаў, узаемадзеянняў і сувязяў. Гэта і рэжысёрскі спарынг «Трэцяя сіла» з Юрай Дзіваковым, і акторскі stand-up з Дзмітрыем Есяневічам, і цыкл інтэрв’ю з акторамі тэатра. Рыхтуем акторска-драматургічны праект «Страх Тэатру» з польскімі калегамі (Karolina Szczypek). Шмат калабарацый са Staromiejskim Domem Kultury.

У Менску была зразумелая мапа таго, дзе і як гэта магчыма рабіць. А зараз гэтую мапу трэба перабудоўваць наноў. Што мы і спрабуем рабіць.

Трэба камунікаваць з людзьмі, якія нас не ведаюць, адстойваць свае права з’яўляцца ў новых месцах, нарошчваць сваю аўдыторыю, супольнасць, падтрымліваць пастаянны кантакт.

Днямі ў нас быў спектакль «Музыка. Цела. Тэкст: Менск». Гэта лабараторная праца нашай каманды. Ідэю прынес кампазітар Эрык Арлоў-Шымкус.

У электронным пейзажы праз цялеснасць акторы праяўляюць свае тэмы, ў якіх шукаюць сваё месца тэксты сучасных аўтараў, якія разам з тэмай «Менск» прапанавалі калегі з «Кшалт Слова» (Данііл Вашкевіч, ён жа далучыўся на электрагітары), а таксама маналогі, што нараджаюцца ў моманце. У наратывах нараджаецца і паўстае вобраз горада-міфа, які трасфармуе на відэа-праекцыях Даніла Ганчароў.

У рамках нашага тэатра шмат розных праектаў, шмат паплечнікаў. У гэтым для мяне каштоўнасць і вартасць. Што ёсць людзі, якія робяць тое, чаго не магу зрабіць я. А разам мы можам зрабіць тое, што не ў стане зрабіць кожны паасобку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)