Неабыякавыя

Марына Міхайлава

«Дэменцыя – штука бязлітасная. Разам з цяжкахворым чалавекам паціху «забівае» блізкіх»

Як рэальнасць разбівае наратывы ўладаў пра сацыяльную дзяржаву. «Салідарнасць» – з цыклам аб тым, што адбываецца з апекай і даглядам састарэлых людзей у сённяшняй Беларусі.

У Беларусі клопат пра пажылых людзей улады называюць адным з галоўных кірункаў  сацыяльнай палітыкі дзяржавы.

«Ваш сацыяльны дабрабыт і якасць жыцця з’яўляюцца найважнейшым прыярытэтам», — запэўніваў летась Аляксандр Лукашэнка ў Дзень пажылых людзей.

Аднак у рэальнасці многія абяцанні маюць фармальны характар, а «сацыяльны пакет» дзяржава рэгулярна змяншае. Напрыклад, яшчэ ў 2023 годзе Лукашэнка падпісаў закон аб сацыяльным абслугоўванні, які абмежаваў пажылым беларусам доступ у дзяржаўныя дамы-інтэрнаты. І хоць з таго часу ўстановы перайменавалі ў сацыяльныя пансіянаты, праблема засталася — трапіць на сталае пражыванне ў пансіянат чалавек можа, толькі калі стан здароўя не дазваляе яму заставацца дома.

Пры тым сёння на ўсю краіну альтэрнатывай, доўгачасовым доглядам удома, карыстаюцца толькі 320 чалавек.

Годная старасць як прывілея

Па звестках на пачатак 2026 года, у Беларусі цяпер 80 дзяржаўных сацыяльных пансіянатаў для пажылых і 19 прыватных (ахопліваюць каля 900 чалавек).

Колькасць апошніх імкліва скарацілася ў 2024 годзе, калі было ўведзена абавязковае ліцэнзаванне пансіянатаў — і яшчэ не аднавілася да былых лічбаў.

Па-першае, гэтага не дастаткова. Як нестае і сацыяльных работнікаў, хто прыходзіць дадому да падапечных. За апошнія пяць год, па звестках Мінпрацы РБ, колькасць атрымальнікаў сацыяльных паслуг вырасла амаль на 35% — і не зменшыцца, а хутчэй будзе расці, бо насельніцтва старэе.

Для разумення: толькі ў «Вячы», найбуйнейшым сацыяльным пансіянаце для пажылых, летась пражывалі больш як 700 беларусаў, і яшчэ каля 100 чалавек чакалі сваёй чаргі.

Як змянялася колькасць сацыяльных пансіянатаў за чвэрць стагоддзя. Скрыншот з базы даных Белстату.

Па-другое, ёсць пытанні з якасцю жыцця і паслуг у пансіянатах. А грамадскага кантролю, зразумелага і празрыстага, няма. Дзяржаўныя ж кантралёры за парушэнні зачыняюць чамусьці толькі прыватнікаў.

Літаральна днямі КГК паведаміў, што на Гомельшчыне выявілі і зачынілі нелегальны дом састарэлых — за працу без ліцэнзіі і нясплату падаткаў. Увосень 2025-га крымінальныя справы завялі на ўладальнікаў трох дамоў састарэлых пад Мінскам — за тую ж «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць».

Параўнаем: улетку 2025-га пракуратура Мінскай вобласці праверыла сацыяльныя пансіянаты, знайшла праблемы з харчаваннем, пажарнай бяспекай, медабслугоўваннем. І… накіравала ў Мінаблвыканкам прадстаўленне з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя парушэнні.

Па-трэцяе, сацыяльны пансіянат — гэта дорага. Нават па дзяржрасцэнках у чалавека вылічваюць 90% пенсіі, а рэшту сплочвае альбо дзяржава (чытай — беларусы, са сваіх падаткаў), альбо сваякі, калі яны ёсць. Пражыванне ж у прыватным пансіянаце каштуе ад 1,5 тысяч рублёў штомесяц (у некаторых разлік пасуткавы — ад 75 р/дзень).

Але ёсць і па-чацвёртае — маральна-этычны аспект. Для многіх беларусаў пансіянат — значыць, пазбавіцца блізкага чалавека, «здаць» яго, каб палегчыць сабе жыццё. Таму яны імкнуцца забяспечыць клопат і дагляд самі, нягледзячы на тое, ці стае навыкаў, часу, душэўных і фізічных сіл…

«Ніводнай пенсіі, ніводных даплат па інваліднасці не хопіць»

Да 2030 года, заяўляюць чыноўнікі,  «плануецца павялічыць магутнасць пансіянатаў на 2000 месцаў» і збудаваць не менш 17 новых аб’ектаў. Самыя фармулёўкі пра «месцы» і «аб’екты», казённа-абыякавыя, сведчаць, як у нібыта сацыяльна-арыентаванай дзяржаве ўлады ўспрымаюць самых уразлівых сваіх грамадзян.

У якіх умовах увесь гэты час знаходзяцца састарэлыя, ляжачыя, цяжка і невылечна хворыя людзі і іх сваякі, прадстаўнікоў улады наўрад ці цікавіць. Ёсць жа «законныя прадстаўнікі», хай у іх на гэты конт галава і душа баліць. І яны баляць.

— Ведаеце, колькі ў раённым горадзе абыходзіцца сядзелка для ляжачага чалавека? 50 рублёў (за 2 гадзіны на дзень), — распавяла «Салідарнасці» жыхарка беларускага райцэнтра. — Так, сядзелка прыгатуе, пакорміць, памяняе памперс, можа працерці пыл ці паліць кветкі. Але не будзе хадзіць у краму ці мыць вокны-падлогу за гэтыя грошы. Можна знайсці хто будзе, але выйдзе даражэй.

Сацыяльны работнік прыходзіць двойчы на тыдзень, усяго на гадзіну. Цудоўная маладая жанчына, але ў яе дзень распісаны па хвілінах, і больш за 10 падапечных. Прычым некаторыя з іх — з цяжкімі дэменцыямі, таму яна не заўсёды ўважліва выслухае і зробіць што трэба. Але ж яна можа збегаць  у свой час да доктара па рэцэпты, ці ў аптэку па таблеткі — за што ёй вялікі дзякуй, праўда, выгаранне ў гэтай сферы частая з’ява.

І ўсё адно гэтага недастаткова. Бо ляжачаму самотнаму чалавеку трэба як найменей 3 разы на дзень паесці, некалькі разоў памяняць памперс. І ў выходныя таксама трэба апека. І прыборка, і гатаванне…

Ніводнай пенсіі, ніводных даплат па інваліднасці не хопіць пакрыць усе выдаткі апекі над сталым чалавекам дома. Я неяк спрабавала вылічыць, у колькі гэта абыходзіцца нашай сям’і. Нават пры самых мінімальных падліках выходзіла б болей за 5 тысяч у месяц, калі б не сваякі, сябры і суседзі.

Мінчанка Ніна прыгадвае:

— Мне давялося сутыкнуцца з дзяржаўнай сістэмай, калі афармлялі ў інтэрнат пад Вілейкай бабу Олю. Згадваю гэты «шпіталь сястрынскага дагляду» з жахам.

Мы тады ўжо зусім не спраўляліся. Мая мама, якая глядзела бабу Олю (гэта яе цётка), сарвала спіну і на нервовай глебе сама ледзьве не злягла. Я чакала дзіця, прычым вельмі дрэнна пераносіла цяжарнасць і фізічна нічым не магла дапамагчы. Бацька тады ўжо моцна піў, на яго спадзеву не мелі, а мой муж паехаў на заробкі на год. Іншых блізкіх сваякоў — нікога, а далёкія растварыліся ў даляглядзе, як спатрэбілася рэальная фізічная і грашовая дапамога. Баба Оля ўжо амаль не хадзіла, разумовы стан таксама пагаршаўся.

Але мне дагэтуль сорамна і балюча, што давялося яе аформіць у гэту «ўстанову» на сацыяльнае ложка-месца. Смурод, які не вытручваўся ніякай хлоркай. Кацельная, якая ці то дыхае на ладан, ці то адміністрацыя эканоміць — і пастаянна холадна. Шэра-зялёнага, нейкага бруднага колеру сцены, санітаркі з халоднымі вачыма «смотрящих», якія адкрыта намякалі, што нармалёвы догляд патрабуе даплаты наўпрост, а так — можам толькі пакарміць і пераапрануць, і тое нас мала, старых многа, вы ж самі разумееце.

Калі былі патрэбныя дадатковыя медабследаванні — ніхто ў бальнічку не павязе, толькі калі родныя самі паклапоцяцца.

Усё ва ўсіх агульнае, з асабістых рэчаў  толькі тумбачка пры ложку. Пры гэтым на той «сацыяльны ложак» яшчэ і чарга немалая стаяла, і бралі ў першую чаргу тых, у каго няма блізкіх сваякоў — прынамсі на паперы афармлялі так. Але ж не ўсе былі ляжачыя, і хто мог, на лета з’язджалі — пытанне, куды і як, калі блізкіх сваякоў нібыта няма?

Потым здарыўся ковід, каранцін, наведванні наогул забаранілі. Баба Оля той год не перажыла.

«Горш, чым з малым дзіцем»

Беларусы ў сацсетках рэгулярна пытаюць рэкамендацый па пансіянатах для пажылых, бо не спраўляюцца. Для тых, хто не можа вярнуцца на радзіму, праблема ўскладняецца яшчэ больш:

«Я зараз у іншай краіне, і прыехаць ніяк не магу па зразумелых кожнаму беларусу прычынах. Да мамы ходзіць сядзелка, якую знайшлі праз сарафаннае радыё — выдатная жанчына, з досведам, яе кантакт літаральна з рук у рукі перадаюць. Але яна не бярэ сутачныя дзяжурствы, на тры-чатыры гадзіны ў дзень максімум.

Галавой я разумею, што ў пансіянаце (разглядаю толькі прыватны, ёсць рэкамендацыі) маме будзе лепш. Але сэрца ўсё адно не на месцы, і канчатковае рашэнне прыняць пакуль не магу».

«Мая бабуля ляжала два гады. А я разрывалася паміж мамай з анкалогіяй, айчымам, які закладваў за каўнер, сынам-малодшакласнікам і працай. Даводзілася прыязджаць да бабулі ўначы, бо яна баялася заставацца адна, мроіліся чужыя людзі. Раніцай прыходзіла сядзелка, каб пакарміць і пераапрануць. І я не ведаю, ці вытрымалі б мы ўсе, калі б гэтая гісторыя цягнулася 5, 10 год.

Гэта было напачатку 2000-х — у дзяржаўныя дамы-інтэрнаты было не ўбіцца, штосьці іншае па завоблачных коштах. Але зараз выбар большы, і я б раіла пансіянат ці хоспіс. Бо дэменцыя, на жаль, штука бязлітасная, і разам з ляжачым цяжкахворым чалавекам паціху «забівае» ўсіх блізкіх».

«Маёй былой свякрусе 89 год, дыябет, пачатак дэменцыі (пакуль невялікія правалы ў памяці). Але галоўная бяда — вага. Нідзе ў пансіянатах не бяруць чалавека, які важыць больш як 110 кілаграмаў, і сядзелкі амаль ніхто не бяруцца за догляд, бо фізічна вельмі цяжка. Уставаць і хадзіць яна пакуль можа сама, але не хоча — даводзіцца ўгаворваць, падкупляць, прымушаць… Горш, чым з малым дзіцем».

***

Чаму ў нібыта сацыяльна-арыентаванай дзяржаве блізкія састарэлых і хворых людзей нярэдка застаюцца сам-насам са сваімі бедамі, а дзяржава і сама дапамагае мала, і іншым не дае працаваць у сацыяльнай сферы? Працяг тэмы чытайце на сайце «Салідарнасці» неўзабаве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)