Дзмітрый Нікановіч: «Лукашэнка ўручыў мне падзяку за выдатную вучобу, але гэта не перашкаджала мне галасаваць за альтэрнатыўную кандыдатку»

Пра тое, як супрацьстаяць прапагандзе, ці варта сёння паступаць на факультэт журналістыкі БДУ і якое месца ў жыцці займаюць беларускія песні, «Салідарнасці» распавёў даследчык медыя і спявак Дзмітрый Нікановіч.

Усе фота з асабістага архіву суразмоўцы «Салідарнасці»

У жніўні 2022 года Дзмітрый звольніўся з факультэта журналістыкі БДУ, дзе спачатку вучыўся, а пасля сем гадоў выкладаў. Былыя студэнты і сёння згадваюць яго як таленавітага выкладчыка і сумленнага чалавека. Цяпер ён даследуе прапаганду і запісвае новыя беларускія песні.

— Не раз чула ад учорашніх школьнікаў такое пытанне: «Я адрозніваю прапаганду ад праўды, мару стаць журналістам, але ці варта сёння паступаць на журфак БДУ?»

— Калі я паступаў на журфак у 2010 годзе, у навучанні і ў разуменні прынцыпаў прафесіі ўжо былі пэўныя скажэнні. Гэта датычылася і ўяўлення пра тое, што журналістыка павінна быць незалежнай і непрадузятай. Але ў нас яшчэ заставалася прастора для манеўру. Побач з ідэалагічнымі дысцыплінамі былі выкладчыкі з незалежнымі поглядамі, да нас прыходзілі журналісты TUT.BY і Onliner. Былі, праўда, і выкладчыкі, якія ставілі пад сумнеў саму неабходнасць інтэрнэту…

Тым не менш мы маглі адчуваць сябе ў пэўнай ступені асобна ад сістэмы. Было платнае навучанне і паездкі за мяжу. Я, напрыклад, пабываў у Fojo Media Institute у Стакгольме і на факультэце журналістыкі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.

Пасля 2020 года, а асабліва пасля 2022-га, гэтая сістэма ўжо не пакідае месца для альтэрнатыўных пунктаў гледжання, аб’ектыўнага погляду на Захад і знаёмства са стандартамі замежнай журналістыкі, пра якія раней гаварылася нават у нашых падручніках.

Сёння журфак арыентаваны на Расію. Таму я не раіў бы абітурыентам выбіраць факультэт журналістыкі БДУ: цяпер гэта вельмі ідэалагізаванае месца.

Не раіў бы паступаць на журфак і таму, што пасля заканчэння перспектыва фактычна адна – размеркаванне ў дзяржаўныя медыя, цалкам падпарадкаваныя вертыкалі ўлады.

Я параіў бы атрымаць іншую вышэйшую адукацыю, а журналісцкія веды і навыкі набываць на дадатковых курсах, у тым ліку тых, якія прапануе беларуская грамадзянская супольнасць з-за мяжы. На маю думку, такі шлях будзе значна больш плённым.

— Што вы сёння найчасцей згадваеце пра сваю выкладчыцкую працу і ўвогуле пра БДУ? Вы былі звязаныя з універсітэтам з 2010 да 2022 года.

Калі вы паступалі, ужо адбылася Плошча-2006, а неўзабаве былі жорстка разагнаныя пратэсты 2010-га, падчас якіх моцна збілі Уладзіміра Някляева. Як вы тады ўспрымалі гэтыя падзеі і чаму пазней вырашылі застацца ў БДУ і працаваць там?

— Я нарадзіўся ў 1993 годзе і фактычна ўсё жыццё пражыў у Беларусі пры Лукашэнку. Дзякуючы сям’і ў мяне было шчаслівае дзяцінства. Я скончыў школу з залатым медалём, удзельнічаў у алімпіядах, добра вучыўся – быў здольным хлопцам, якому шмат што ўдавалася.

Калі адбылася Плошча-2006, мне было трынаццаць. У 2010-м споўнілася сямнаццаць, і я паступіў на журфак. Памятаю жывы эфір ток-шоу «Выбар» на АНТ 19 снежня, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, у якім удзельнічала Лідзія Ярмошына. Пасля вострага дыялогу з Сяргеем Дарафеевым яна пакінула студыю. Пасля гэтага Дарафеева адхілілі ад працы ў эфіры, а потым і звольнілі з канала…

Літаральна падчас уступнай кампаніі ўлетку 2010-га мы, тагачасныя абітурыенты журфака, бачылі ў Дарафееве прафесійны арыенцір і часта добра адгукаліся пра яго на ўступных экзаменах.

У 2010-2015 гадах таксама хапала трывожных падзей. Напрыклад, у 2012-м затрымалі студэнта журфака БДУ Антона Сурапіна. Ён першым апублікаваў на сваім сайце фотаздымкі плюшавых мядзведзікаў, скінутых са шведскага самалёта падчас так званага мішкавага дэсанту.

Адбываліся і іншыя выпадкі ціску на журналістаў. Але пры гэтым на факультэце яшчэ захоўваўся шматбаковы погляд на падзеі. Здавалася, што сістэма не страціла адэкватнасці цалкам, і ўнутры яе яшчэ заставалася прастора для незалежнага мыслення.

Фота: Наталля Анушкевіч

У 2015-м я галасаваў за Таццяну Караткевіч. У мяне тады яшчэ не было палітычнай свядомасці, каб разважаць пра байкот выбараў, але ўжо было дакладнае разуменне, што за Лукашэнку я галасаваць не буду.

Пры гэтым ва ўніверсітэце ў мяне была рэпутацыя ўзорнага студэнта: я двойчы трапляў на дошку гонару (усміхаецца), у 2015-м Лукашэнка ўручыў мне ў Палацы Незалежнасці падзяку за выдатную вучобу, разам з яшчэ трынаццаццю выпускнікамі з розных універсітэтаў краіны.

Але гэта не перашкаджала мне галасаваць за альтэрнатыўную кандыдатку, а пазней, калі я пачаў працаваць выкладчыкам, – выкарыстоўваць на занятках матэрыялы з розных крыніц. Са студэнтамі мы глядзелі матэрыялы «Радыё Свабода» і «Еўрарадыё», маглі крытыкаваць працу дзяржаўных медыя і нават жартаваць пра недахопы дзяржсістэмы.

Да пазіцыі, якую заняў у 2020 годзе, я прыходзіў паступова. Пра Віктара Бабарыку, напрыклад, да пачатку выбарчай кампаніі я амаль нічога не ведаў. Але мяне натхнялі Юрый Зісер, беларускія прадпрымальнікі і створаныя імі праекты. Яны паказвалі, што ў Беларусі магчыма іншае – сучаснае, адкрытае і паспяховае – жыццё.

Фота: Наталля Анушкевіч

З аднаго боку, Лукашэнка заставаўся ва ўладзе, з іншага – дзейнічаў Парк высокіх тэхналогій, ладзіліся вечары джазавай музыкі на Нямізе, курсы «Мова нанова», працавала галерэя Ў… Здавалася, што пачалася лібералізацыя, адбыўся пэўны паварот да беларускай мовы і культуры. Я быў маладым выкладчыкам БДУ, а паралельна хацеў спяваць і запісваць песні па-беларуску.

Да мяне прыходзіў па інтэрв’ю «Белсат», разам з парталам «Тузін Гітоў» мы рабілі прэм’еры беларускамоўных песень, я ўдзельнічаў у канцэртах фонду «Вяртанне». Да нас на выступленні прыходзіў Алег Хаменка, а Андрэй Хадановіч добра адгукаўся пра нашага Эраса Рамацоці па-беларуску і пра нашыя іншыя працы, якія мы рабілі з Мікітам Найдзёнавым.

Фота: Johnny Cosmic

Гэта быў паралельны свет у параўнанні з тым, што я часам бачыў на журфаку і на дзяржаўным тэлебачанні. Здавалася, што гэтыя два сусветы можна неяк прымірыць, што Беларусь можа быць адначасова і такой, і іншай, нібыта ў беларусаў сапраўды дзве душы.

Прынамсі, пра сябе я заўсёды думаў: я ж не апазіцыянер, не змагар і не рэвалюцыянер, які хоча адразу ўсё перавярнуць і пабудаваць нанова. Я выбіраў шлях паступовай эвалюцыі – і мне здавалася, што пачынаць трэба з сябе.

У 2014 годзе я асудзіў анексію Крыма Расіяй і, дарэчы, ніколі не хаваў гэтай пазіцыі на занятках у БДУ. У прынцыпе ў маёй аўдыторыі можна было гаварыць усё. Калі ў 2022-м на кафедры мне сам-насам сказалі, што ў нашай дзяржавы ёсць «інфармацыйная палітыка» – у кантэксце цяперашняй агрэсіі Расіі супраць Украіны – я не вытрымаў: «Мы павінны ўслед за Расіяй называць вайну «спецыяльнай ваеннай аперацыяй» і паўтараць гэта на сваіх занятках? Дзе гэта напісана?».

Канчаткова я з’ехаў з Беларусі ў верасні 2022 года. На той момант мне ўжо было складана знаходзіцца ў сістэме і бачыць, як яна змяняе людзей і звужае прастору магчымага выбару.

Я разумею, чаму некаторыя выкладчыкі журфака застаюцца на сваіх месцах: яны могуць імкнуцца вучыць студэнтаў, падтрымліваць і па магчымасці абараняць іх. Але ёсць розніца паміж тым, каб заставацца дзеля студэнтаў, і тым, каб прымаць кіраўнічыя пасады і тым самым браць на сябе адказнасць за працу сістэмы, якая пасля 2020-га стала адкрыта рэпрэсіўнай.

— Калі ж для вас наступіў момант, пасля якога заставацца ўнутры сістэмы ўжо было немагчыма? Вы атрымлівалі ўзнагароду з рук Лукашэнкі, у аспірантуры – прэзідэнцкую стыпендыю, а ў 2020-м выйшлі разам са студэнтамі на прыступкі БДУ, пратэстуючы супраць фальсіфікацый і гвалту. Што стала апошняй кропляй?

— Мне здаецца, што да 2020-га ўжо было перасечана вельмі шмат чырвоных ліній. Але, магчыма, для кагосьці не адбылося таго ўнутранага выбуху, які здарыўся тады са мной.

Для мяне асабістай траўмай стала тое, што ў маю аднакурсніцу Наталлю Лубнеўскую падчас мірнага пратэсту стрэлілі гумавай куляй. Майго сваяка без усялякай прычыны схапілі на вуліцы ў Брэсце, адвезлі невядома куды і збівалі дубінкамі па спіне.

Маіх каляжанак людзі ў цывільным забіралі проста з калідораў універсітэта або падчас бальнічнага з дому і везлі ў СІЗА. А потым камісія з іх калег-выкладчыкаў галасавала за іх звальненне. Адміністрацыйны арышт прызнавалі непаважлівай прычынай адсутнасці на працы – нібыта чалавек сам вырашыў не прыйсці, а не быў затрыманы.

Для мяне 2020 год стаў момантам, калі трэба было прыняць рашэнне. Я зразумеў, што больш не магу заставацца ўбаку і рабіць выгляд, нібыта тое, што адбываецца, мяне не датычыць.

Фота: Аліна Мазавец

Мне здаецца, тады многія беларусы перасталі баяцца так, як баяліся раней, і пачалі больш выразна вызначаць сваю пазіцыю. Пытанне было даволі простае: ты падтрымліваеш людзей, якія хочуць змен, свабоды і развіцця, ці застаешся на баку сістэмы, што патрабуе падпарадкавання і маўчання. Для мяне гэта быў момант асабістага самавызначэння.

— Слухаю вашы новыя песні і не разумею, чаму вы не сталі ў Беларусі зоркай першай велічыні. Ці навука і выкладчыцкая праца перашкодзілі вам зрабіць кар’еру ў шоў-бізнесе?

— Шчыра прызнаюся: у мяне зусім няма таленту да самапрасоўвання. Магчыма, гэта частка нашага постсавецкага выхавання: чалавек павінен быць сціплым, а калі ён сапраўды чагосьці варты, яго абавязкова заўважаць і дапамогуць. Насамрэч гэта д’яблаўская логіка, пастка. Трэба самому гаварыць пра сябе, звяртацца па дапамогу, заяўляць пра свае намеры і не баяцца высока ацэньваць уласную працу.

Мне ніколі не было цікава выходзіць на расійскі рынак, бо я хацеў спяваць беларускія песні па-беларуску. У 2014 годзе выйшла мая першая песня «Ніколі», якую напісаў Мікіта Найдзёнаў.

Знаёмыя перыядычна пытаюцца, ці не мог бы я заспяваць на свяце, правесці вяселле. Нядаўна вось з’ездзіў і правёў. Але адкрыта рэкламаваць сябе і свае паслугі мне дагэтуль няпроста.

Фота: Аліна Мазавец

— Калі вы запісалі беларускую версію вядомай каляднай песні Let It Snow! Let It Snow! Let It Snow! – з радкамі «Хай сувора вакол і зімна, але ў сэрцы адна Радзіма», – вас спыталі, ці не збіраецеся вы распрацаваць курс па вакале. Вы жартам адказалі, што хутчэй зрабілі б курс па супрацьдзеянні прапагандзе. Такі курс у выніку сапраўды з’явіўся. Дык як сёння, у нашых умовах, супрацьстаяць прапагандзе?

— Так, Мікіта Найдзёнаў пераклаў Let It Snow! Let It Snow! Let It Snow! на беларускую мову, і назва ператварылася ў «Ляціць зноў! Ляціць зноў! Ляціць зноў!». Мы запісалі песню і знялі кліп. Атрымалася такая эмігранцкая гісторыя пра ўсіх нас.

Здаецца, мы трапілі ў нейкі агульны нерв: да здымак далучылася шмат цудоўных беларусаў і беларусак (у тым ліку і Аляксандр Івулін. — С.)

Што да прапаганды, то ідэя курса з’явілася, калі абвясцілі еўрапейскую праграму для беларускіх выкладчыкаў, якія хацелі б стварыць свае адукацыйныя прадукты. І паколькі я больш не магу заставацца ў прафесіі ў Беларусі, я праз конкурс далучыўся да гэтай праграмы і вырашыў распрацаваць курс па супрацьдзеянні прапагандзе.

Да гэтага я прайшоў навуковую стажыроўку ў Варшаўскім універсітэце, дзе даследаваў вобраз Польшчы і палякаў у прапагандзе пасля 2020 года. Потым завяршыў стыпендыяльную праграму Цэнтра Мерашэўскага з даследаваннем «Беларусы ў Польшчы вачыма прапаганды рэжыму Лукашэнкі». Цяпер падводжу вынікі гэтай працы і рыхтую артыкулы для польскіх рэцэнзаваных навуковых часопісаў.

Мне і не прыйшло ў галаву выкладаць вакал, бо паводле адукацыі я журналіст і кандыдат навук па спецыяльнасці «Журналістыка». Хаця можна, вядома, паспрачацца, што цяпер больш патрэбна беларусам: вакал як своеасаблівая тэрапія ці мой цяперашні курс.

Але мне здаецца, што патрэба ў такім курсе сапраўды наспела. Я ўжо яго распрацаваў. Цяпер ён праходзіць тэставанне. Праз мой Instagram да яго далучыліся больш за дваццаць удзельнікаў.

— Што стала для вас найбольшым адкрыццём падчас даследавання прапаганды і таго, як яна паказвае беларусаў? І ці можа гэтая агрэсіўная прапагандысцкая сістэма на нашай Радзіме хутка знікнуць?

— Адкрыццём для мяне стала тое, што беларусы ў Польшчы, хоць і ўстойлівыя да прапаганды пра сябе, успрымаюць яе з сарказмам, іроніяй і скепсісам, усё ж не застаюцца да яе цалкам абыякавымі. Ім непрыемна чытаць, што яны нібыта «збеглыя злачынцы», якія пакутуюць і галадаюць у Еўропе.

Нават такая відавочна грубая і абсурдная прапаганда ўплывае на эмацыйны стан: псуе настрой, дэмаралізуе, прымушае людзей выпадаць з інфармацыйнага кантэксту або адыходзіць ад палітычнай актыўнасці. У некаторых эпізадычна з’яўляецца страх.

Таму не варта абясцэньваць прапаганду і лічыць, што яна не працуе толькі таму, што выглядае прымітыўнай. Яна ўсё роўна – разам з крыміналізацыяй палітычнай актыўнасці – дае эфект і можа мець сур’ёзныя наступствы. Важна не проста ігнараваць яе, а крытычна разбіраць тэмы, якія яна ўздымае, і супрацьпастаўляць яе сцвярджэнням факты і аргументы.

Прапаганда ўплывае і на нашы сувязі з беларусамі, якія засталіся ў краіне. Чалавек можа сказаць: «Ды я гэтую прапаганду не гляджу», а праз хвіліну дадаць: «Але нядаўна чуў, што ў вас у Польшчы солі няма». І ты разумееш, што нешта ўсё ж да яго дайшло.

Фота: Аліна Мазавец

Прапаганда разбурае самае каштоўнае, што ў нас ёсць, – штодзённую камунікацыю пра жыццё. Каб захаваць стасункі з блізкімі, патрэбна вельмі шмат унутранага рэсурсу. Бо для кагосьці гэта не проста чалавек, які паўтарае прапаганду, а, напрыклад, бабуля, якая яго выхавала. Яна можа памыляцца, але ад гэтага не перастае быць блізкім чалавекам.

Прапаганда абавязкова знікне, але не пры цяперашняй сістэме, бо яна з’яўляецца яе непасрэдным працягам. Прапаганда – гэта не проста спосаб падачы матэрыялу, не жанр і не стыль. Гэта інстытут, убудаваны ў вертыкаль улады, такі ж складнік палітычнай сістэмы, як сілавыя структуры. Таму яна не можа знікнуць, пакуль у Беларусі захоўваецца цяперашняя палітычная сістэма.

Тое, што нам доўгі час падавалі як беларускую стабільнасць, насамрэч шмат у чым было вымушанай бездапаможнасцю. Нас прывучалі залежаць ад працадаўцы, універсітэта, дзяржавы, якая нібыта «дае» заробак, а потым – пенсію. Некаторыя нават кажуць, што пенсію ім плаціць асабіста Лукашэнка.

Фота: Наталля Анушкевіч

Але лепш не спадзявацца, што нехта ўсё вырашыць за цябе, а самому ўкладвацца ў свае навыкі, кампетэнцыі і прафесійную рэпутацыю. У доўгай прафесійнай і чалавечай перспектыве гэта значна надзейней і карысней.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)