Ад 7 сакавіка да 19-га, да вызвалення, мяне ўвогуле трымалі ў адзіночнай камеры ў «Амерыканцы». Калі вывозілі з калоніі, то я спачатку падумала: а можа вязуць проста на мяжу? Вязлі з Гомеля ў Мінск з нацягнутай на твар шапкай. Калі пыталася, куды вязуць і што адбываецца, адказ быў адзін: «Сядзім ціха. Не задаём пытанняў». Калі шапку знялі, я ўбачыла, што знаходжуся ў «Амерыканцы».
Кацярына Андрэева: «Я ўжо не ўстаю а шостай раніцы. Мне не хочацца трымаць рукі за спінай»
Месяц таму Кацярына Андрэева выйшла на волю пасля пяці гадоў за кратамі. У вялікім інтэрв’ю БАЖ журналістка расказвае пра жыццё пасля калоніі, месяц у СІЗА КДБ, псіхалагічны ціск, вызваленне, мужа Ігара Ільяша, які застаецца ў зняволенні. І пра тое, ці магчыма вярнуцца ў беларускую журналістыку пасля ўсяго перажытага.
«Яшчэ не да канца ўсведамляю, што знаходжуся на волі»
— Якія былі першыя адчуванні пасля вызвалення?
— Першыя адчуванні — нешта падобнае да лёгкай панічнай атакі. Шмат транспарту, шмат людзей, шмат раварыстаў, руху, шуму. Першы тыдзень я пераходзіла дарогу толькі трымаючы кагосьці за руку. Потым пачала хадзіць сама, потым навучылася наноў ездзіць на таксоўцы. І толькі потым — грамадскім транспартам, бо гэта было самае страшнае.
Цяпер у нейкіх побытавых рэчах я ўжо больш-менш адаптавалася. Але да канца ўсё роўна не ўсведамляеш, што ты на волі.
Напрыклад, учора праходзіла каля Warszawa Centralna. Там шмат паліцыі стаіць групкамі. Лаўлю сябе на думцы: хочацца сказаць ім «дзень добры». Бо калі ты ў сістэме і бачыш супрацоўніка, але не павітаешся, не павернешся да яго — гэта ж ужо рапарт, пакаранне.
«Бусік можа быць звычайны. Але арганізм ужо рэагуе»
Засталіся моцныя трыгеры, мне не па сабе, калі вакол шмат людзей. Не па сабе, калі побач праязджае мікрааўтобус. Гэта можа быць абсалютна звычайны бусік, нічога асаблівага. Але ўнутры ўжо спрацоўвае стоп-сігнал.
Ты бачыш нешта, што нагадвае пра калонію, і арганізм рэагуе раней за свядомасць.
Але я ўжо не ўстаю а шостай раніцы. Мне не хочацца трымаць рукі за спінай. Адаптацыя па вялікім рахунку адбылася, улічваючы дзе я была яшчэ месяц таму. І гэта не калонія ў Гомелі.
— А што тады?
— Мяне больш за месяц перад вызваленнем трымалі ў СІЗА КДБ у Мінску. І толькі цяпер я пачынаю пра гэта гаварыць.
Магчыма, яны проста цягнулі час, бо самі да канца не ведалі, калі будуць перамовы, калі прыедзе Коўл. Можа быць, хацелі асоб такіх, больш медыйных, пільнаваць проста побач з сабой і адначасова цягнуць час. Не разумею іх логіку.
А на наступны дзень першае, што ў мяне спыталіся: «Як вы паставіцеся да трэцяга тэрміну?» Весела, праўда?
«У мяне забралі ўсю карэспандэнцыю за пяць гадоў»
— Табе хоць неяк намякалі, што справа ідзе да вызвалення?
— Абсалютна не.
Мне ніхто не казаў, што я буду вызваленая. Ніхто не даваў зразумець, што мяне вывозяць. Я не бачыла ніводнага дакумента, які пацвярджаў бы памілаванне. І нават вусна ніхто нам гэтага не сказаў. Пра тое, што мы вольныя, я пачула ўжо на літоўскай мяжы. А так мы нават не ведалі, у бок якой краіны мы едзем.
— То-бок у цябе ніякіх дакументаў, папер «вызваляльных» няма?
— Нічога няма. І пашпарта ў тым ліку. Там засталося ўсё.
На этапе вывазу з калоніі нельга было браць з сабой лісты. У мяне забралі ўсю карэспандэнцыю за пяць гадоў. Абсалютна ўсё. Лісты, нататнікі, дзённікавыя запісы, асабістыя нататкі. Гэта проста знікла.
— Ты выйшла з таго стрыму з «Плошчы Перамен»? Шмат хто пасля вызвалення кажа, што са зняволеннем час спыніўся на тым моманце, кшталту, сеў у 2020‑м, выйшаў у 2025‑м, а ментальна — нібы яшчэ там. Тыя падзеі былі ўвесь час з табой там?
— Выйшла, безумоўна, выйшла. Я разумела, што я зрабіла свой кавалак працы, больш за тое, я была гатовая за той стрым адседзець тыя два гады, што нам з Дашай першапачаткова далі.
Я нават адчувала, што больш здабываю досведу, нейкай вагі ў журналісцкім асяродку. І сапраўды ж, праца была зробленая якасна, мне за яе не сорамна. Улічваючы яшчэ, што ў СІЗА дзень за паўтара ішоў, то атрымлівалася, здаецца, не так і шмат.
У прынцыпе, у 27 гадоў я магла зразумець, што ўсё роўна шмат, але, канешне, мы спадзяваліся, што будзе нейкае альтэрнатыўнае пакаранне. Хатняя хімія, умоўна кажучы. Ну і ок, такая праца вартая таго — такія думкі былі. Не было адчування, што я проста змарнавала гэты час свайго жыцця.
Але ўсё пасыпалася, калі мне за паўгода да вызвалення інкрымінавалі здраду дзяржаве. Сказалі адразу: «У цябе будзе 15 гадоў. Рыхтуйся да максімуму».
Маральна я не была гатовая да гэтага, я рыхтавалася выходзіць.
«Намёку, што я магу не выйсці на волю па адбыцці тэрміну, не было»
— Ты нічога не адчувала, нейкай падрыхтоўкі да новай справы?
— Аніякіх намёкаў. Мне было там цяжка, безумоўна. Увесь час быў ціск маральны з боку адміністрацыі калоніі падчас першага тэрміну. Я б назвала гэта і здзекамі, і нават псіхалагічнымі катаваннямі, скіраванымі на тое, каб я прызнала сваю віну ў арганізацыі той акцыі на «Плошчы Перамен». Каб не працягвала сцвярджаць, што я проста рабіла сваю працу там. Але такога намёку, што я магу не выйсці на волю па адбыцці тэрміну, не было. Мяркую, што яны самі не ведалі да апошняга моманту пра новую справу.
А потым з’явіўся гэты следчы ў лютым 2022-га. Звычайны дзень, стаялі на выхадзе па абедзе, рыхтаваліся ісці на фабрыку. І мяне адзываюць у бок — і пайшло вось гэта ўсё.
— Увесь час вялося пра тое, што сутнасць тваёй новай справы невядомая нават сваякам. Цяпер можна казаць пра абвінавачанні?
— Гэта абсалютна так і ёсць — сутнасць справы была невядомая маім блізкім. Але глядзі, гэтая справа пад грыфам сакрэтнасці. Я давала падпіску аб тым, што калі я парушаю гэты грыф, то аўтаматычна распачынаецца новая крымінальная справа за разгалошванне дзяржаўнай таямніцы. А ў Беларусі ёсць закладнік — мой муж Ігар Ільяш.
Магу сказаць, што суд быў абсалютна закрыты, яны агалошвалі ўжо толькі рэзалютыўную частку, з якой нічога не зразумець па сутнасці. Ігар зайшоў у залу, абмяняліся паветранымі пацалункамі — і ўсё. То-бок сутнасць справы вядомая суддзі, пракурору і адвакату.
Я бачыла, як Ігар асвятляў гэта ўсё. Я моцна гэтым захапляюся, але таксама заўжды хацела, каб ён разумеў, што самыя такія вострыя каментары і паведамленні вельмі хутка адбіваюцца на чалавеку там. Альбо цябе караюць, альбо з цябе проста здзекуюцца. А калі ты і без таго медыйная персона, то ты і так пад каўпаком увесь час жывеш, разумееш? Таму тут я ўзважваю кожнае слова, якое я кажу публічна і нават непублічна пра Ігара.
Пра сваю другую справу магу сказаць адзінае: у яе аснову лёг журналісцкі матэрыял.
І магу зачытаць афіцыйную фармулёўку, бо мне пашчасціла — я не маю пашпарта, але я маю свае абодва прысуды, свае абедзве апеляцыі і пастанову аб узяцці пад варту. Вось што тут сказана: «Не имея аккредитации журналиста средств массовой информации на территории Республики Беларусь, являясь представителем иностранной организации, осуществляла сбор и хранение в целях передачи и в последующем умышленно выдала иностранному государству Республика Польша сведения, составляющие государственные секреты Республики Беларусь».
— Выдача дзяржсакрэтаў?
— Так, спачатку мне інкрымінавалі менавіта выдачу, а потым хіба зразумелі, што выдаць можа толькі той, каму па службе штосьці такое даверана. Мне ж, як разумееш, не было даверана (усміхаецца. — Заўвага БАЖ). Я — журналістка. І тады апеляцыя мне змяніла прысуд. Той жа тэрмін пакінулі, але напісалі: «считать виновную осужденной за шпионаж».
— «Польская шпіёнка»?
— Атрымліваецца, так, першая «польская шпіёнка» сярод беларускіх журналістаў.
«Кіно пра сябе не глядзела»
— У працяг «польскай» тэмы. Ці бачыла ты фільм «Пад шэрым небам», які зняла Мара Тамковіч?
— Не, не глядзела. Таму што мне гэта вельмі адчувальна яшчэ, вельмі цяжка. Мне адчувальна глядзець увогуле кадры, дзе паказваюць, як Ігар без мяне. Ведаю, што ёсць здымкі, як Ігара затрымліваюць. Мне цяжка гэта.
Я спачатку думала, што пагляджу фільм Мары Тамковіч разам з Ігарам. Але цяпер трошачкі пачынаю думаць, што ён жа без мяне глядзеў. То, можа быць, такі публічны прагляд мой можа якраз прыцягнуць больш увагі да Ігара зараз. Калі запросім, прыкладам, прадстаўнікоў амерыканскай амбасады ў Варшаве, палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, то гэта можа спрацаваць і ў станоўчым плане.
Вось пра што я думаю. Можа быць, сапраўды, трэба мне змяніць сваю думку пра гэта і паглядзець урэшце кіно.
— У калоніі ведалі пра гэтую стужку?
— Асабіста мне Ігар расказваў, а вось агулам, мяркую, што большасць людзей там пра гэта не ведалі.
Хачу падкрэсліць што адміністрацыя калоніі ўвесь час рабіла акцэнт на тым, што пра нас усіх, пра самых вядомых, і ў прыватнасці пра мяне, усе забыліся, у тым ліку мае калегі журналісты. Кшталту, «ды вы што, ніхто там не будзе вас сустракаць як гераіню, вы нікому не патрэбныя, нам трэба з гэтым змірыцца і гэта прыняць».
І вось першы год ты ў гэта не верыш, і другі не верыш, на трэці пачынаеш сумнявацца, а потым думаеш: «Блін, я чатыры гады прасядзела, ну колькі можна?!» А пад канец пятага года думаеш, мо і праўда забыліся там ужо ўсе пра нас.
Так, напрыканцы 2025-га я, хіба што, пачынала верыць у тое, што пра мяне памятае толькі мая сям’я, а ў астатніх — сваё жыццё. Я нікога не асуджала, гэта нармальна. Людзі таксама сутыкнуліся з вайной, сутыкнуліся з падвойнай эміграцыяй, калі спачатку з’язджалі ў Кіеў, а потым былі вымушаныя бегчы ізноў. Я не ведаю, як бы я сябе паводзіла, таму я не асуджала, а проста думала: «Ну, так, пэўна, і ёсць».
Але калі пачаліся амерыканскія вызваленні, мне стала сапраўды цяжка. Я разумела, што відавочна мушу быць у такіх спісах, але мяне выкрэсліваюць.
«Яны б не ведалі шмат пра каго, каб не праца беларускіх дэмакратычных сіл і інстытутаў у эміграцыі»
— Чаканні не апраўдаліся наконт забыцця?
— Так, мяне не забылі. Нягледзячы на ўсё, што адбывалася ў свеце. Яны ўвесь гэты час памяталі і падтрымлівалі. Я знайшла нейкія свае вершы, штучным інтэлектам пакладзеныя на музыку, знайшла вельмі шмат відэа, убачыла мурал з маёй выявай у Варшаве. Не, ніхто не забываўся. Як і цяпер мы, канешне, не забываемся пра тых, хто застаецца.
Ігар, Андрэй Аляксандраў, Анджэй Пачобут, якога мы ўвогуле некалькімі краінамі чакаем, ды і шмат іншых годных сапраўдных людзей. Думаю, увесь свет чакае іх вызвалення.
— Ці дапамагае розгалас сусветны, ці на карысць распаўсюд інфармацыі, праявы салідарнасці?
— Скажу шчыра, калі ты знаходзішся там у закладніках, то гэты розгалас можа ў кароткачасовай перспектыве адбівацца на табе кепска. Ён можа быць альбо нагодай для таго, каб пакараць, альбо ўвогуле ізаляваць. Мы ведаем, што з медыйнымі асобамі здаралася сітуацыя інкамунікада. На вялікае шчасце, я гэтага пазбегла. Гэта такі цуд свайго роду.
Так, часам гэта шкодзіла, кажу праўду. Але ў доўгатэрміновай перспектыве варта задаць сабе пытанне: а адкуль жа амерыканскі бок мог даведацца дакладныя кейсы, стан здароўя, тэрміны людзей, якіх яны ўключаюць і падаюць на перамовах у спісах?
І нельга тут прыніжаць ролю і беларускіх дэмакратычных сілаў, нават калі гэта функцыя кансультавання. Яна настолькі важная, што дазваляе фактычна амерыканцам фармаваць гэты спіс. Гэта немагчыма адмаўляць, праўда?
Яны б не ведалі шмат пра каго, каб не розгалас, каб не інтарэс міжнароднай супольнасці да праблем палітвязняў Беларусі, каб не праца беларускіх дэмакратычных сіл і інстытутаў у эміграцыі. І калі б не ўсе тыя людзі, якім балела ўсе гэтыя гады і баліць дагэтуль тэма палітвязняў.
У доўгатэрміновай перспектыве, на маю думку, такі розгалас, апублічванне гэтай праблемы і прыцягванне ўвагі і амерыканскіх, і еўрапейскіх палітыкаў, як кажуць, цэнтраў прыняцця рашэнняў, надзвычай важныя.
«Я вяртаюся ў журналістыку»
— Ты сказала пра пакаранні ў калоніі, гэта было часта?
— Менш, чым я чакала.
Мяне не саджалі ў ШІЗА. Мне казалі: «Мы ведаем, як зрабіць больш балюча». І пазбаўлялі спатканняў з роднымі. Часам паміж сустрэчамі праходзіў год. Яны добра разумелі, куды біць.
— Пасля ўсяго перажытага ты бачыш сябе ў прафесіі?
— Так. Я вяртаюся ў журналістыку. Не на поўную сілу — пакуль яшчэ лекары, аналізы, аднаўленне. Але я вяртаюся.
Хачу паступова ўваходзіць у працу і проста праверыць сябе. Бо пасля такога перапынку натуральна думаць: а ці не страціла я частку навыкаў? Але я вельмі хачу зноў працаваць.
Між іншым, але першая прапанова наконт працы паступіла мне падчас паездкі ў аўтобусе ад беларускай мяжы да Вільні. Як думаеш, ад каго? — Ад Насты Лойкі. Мы ехалі разам, і яна сказала, што гатовая сваё першае інтэрв’ю на волі даць менавіта мне. Таму ў хуткім часе глядзіце на маё вяртанне да журналістыкі на «Белсаце».
«Беларусь іншая. Мінск ужо іншы»
— Што найбольш уразіла пасля вызвалення?
— Свет змяніўся вельмі моцна. Я пабачыла, што такое ШІ, напрыклад. Уразілася.
Разам з тым, я цяпер разумею, што мелі на ўвазе людзі, якія прыязджалі ў калонію і казалі: «Беларусь іншая. Мінск ужо іншы».
Я ж чалавек той пяцігодкі адноснай адлігі — 2014–2019 гадоў, з таго часу, падчас той адлігі і ў журналістыку прыйшла. І калі я недзе ўнутрана засталася, як ты пра стрым запытаўся, то, хутчэй, там, а не ў 2020‑м.
Калі я кажу, што сумую па Беларусі, то ў першую чаргу сумую па той пяцігодцы. Безумоўна, я памятаю пра ўсе парушэнні, затрыманні, але жыццё дыхала, мы маглі працаваць, ездзіць, здымаць, рабіць рэпартажы ў полі. Цяпер гэтага няма.
«Няма той Беларусі. І няма той журналістыкі»
— Калі мы з калегамі гэта абмяркоўвалі, яны кажуць: «А як вось вяртацца ў прафесію, калі ты рэпарцёр, які большую частку свайго жыцця праводзіў у полі, як кажуць, а куды вяртацца?»
А як быць рэдактарам, калі ў цябе проста няма карэспандэнтаў на месцах? Ты ведаеш з сацсетак, што недзе адбылася падзея, але ты не можаш гэта спраўдзіць, ты не маеш інструменту. Гэта мая любімая частка працы была, калі трэба паехаць у камандзіроўку і рабіць сюжэты адтуль, з месца. Гэтага ж не зробіць ніводны штучны інтэлект.
І вось гэтага моцна бракуе, як я цяпер бачу, сучаснай беларускай журналістыцы, бо яна ўся ў выгнанні. А тая, што ў Беларусі, ну, гэта складана назваць свабоднай журналістыкай, а часам і ўвогуле журналістыкай.
Мы рабілі свой уласны кантэнт, які вельмі рэдка грунтаваўся толькі на інфармацыі сацсетак. А цяпер гэта ўскладнена не проста тэхнічна адсутнасцю карэспандэнта, але і вялікай небяспекай для людзей, якія могуць нават не тое, што супрацоўнічаць, а проста аднаразова перадаць нейкую інфармацыю альбо напісаць ананімны нейкі каментар.
Седзячы ў калоніі, мы з дзяўчатамі назіралі, як прывозілі людзей групамі, такімі хвалямі. Напрыклад, хваля тых, каго садзяць за пасылкі палітвязням, альбо хваля каментатараў у 2022–2023‑м, альбо хваля пасля так званага рэферэндуму. Ці за інтэрв’ю і каментары «экстрэмістам», як у свой час Дар’я Лосік, а потым і мой муж.
Усё стала небяспечным, усё ўскладнілася і тэхнічна, і этычна. Як рабіць журналістыку ў такіх умовах? Мае стрымы, мабыць, будуць запатрабаваныя толькі з нейкіх, не ведаю, міжнародных падзеяў. Але ж гэта не беларуская павестка, у лепшым выпадку рэгіянальная альбо ўвогуле міжнародная. І такое два разы на год, не больш. А што рабіць журналісту штодня? Шмат пытанняў, канешне, якія ў мяне пакуль без пэўных адказаў.
«Сапраўдны дзень вызвалення — калі выйдзе Ігар»
— Падчас сустрэчы ў Вільні ты сказала, што твой сапраўдны дзень вызвалення будзе толькі тады, калі выйдзе Ігар.
— Так, гэта праўда. І зараз так скажу. Калі яны вызваляюць мяне, але пакідаюць у закладніках Ігара, то гэта абсалютна тая практыка беларускіх уладаў, якая на нас адпрацоўвалася ўвесь час.
Яны ведаюць, як зрабіць балюча. Яны маюць інструмент, такую магчымасць, яны гэта робяць. Вымушанае расставанне з Ігарам — гэта цалкам укладаецца ў тую тактыку, якой яны ціснулі на мяне ўсе пяць гадоў.
Гэта ж нават і не выгадна самім беларускім уладам, яны ж цудоўна разумеюць, што я пачну казаць пра Ігара, а я яшчэ і ведаю, як казаць. Я буду казаць так, каб тэма гучала, каб ягонае імя гучала. І я не дам забыць ні амерыканскім, ні еўрапейскім палітыкам, ні беларусам пра Ігара.
Мы дачакаемся ўсіх нашых калег і ўвогуле усіх палітвязняў.
Я моцна спадзяюся, што амерыканцы пазмагаюцца за тое, каб у нас увогуле быў спынены механізм рэпрэсій Каб, адпускаючы дзесяць чалавек, не набіралі ў той жа дзень дзесяць новых закладнікаў. Каб людзі заставаліся ў Беларусі ў нармальным жыцці, а не на рэпрэсіўных умовах. Тады ўжо, магчыма, можна будзе думаць пра нейкія наступныя крокі, нават і пра вяртанне думаць.
У прынцыпе я — аптымістка, але што да хуткіх перамен, наўрад ці. А я сама пакуль вяртаюся ў жыццё, прафесію, да сябе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное